Мінск 00:08

Прэм’ер Літвы не валодае інфармацыяй аб магчымым пераездзе офіса Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская ў Вільнюсе
Архіўнае фота: "Позірк"

11 снежня, Позірк. Урад Літвы не валодае інфармацыяй пра нібыта планаваны перанос Офіса Святланы Ціханоўскай (ОСТ) з Вільнюса ў Варшаву. Пра гэта, паводле інфармацыі агенцтва ELTA, заявіла журналістам у Вільнюсе 11 снежня прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

“Былі розныя абмеркаванні, але такой дакладнай заявы або сігналу, які быў бы афіцыйна перададзены, — урад не атрымліваў”, — сказала Ругінене.

“Са свайго боку мы забяспечылі Святлане Ціханоўскай і яе офісу ўсебаковую падтрымку і дапамогу. Забяспечылі кругласутачную ахову, а рашэнне — за ёй”, — падкрэсліла прэм’ер.

10 снежня галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў “Позірку“, што рашэння аб пераездзе ОСТ, яго часткі і самога дэмлідара з Вільнюса ў Варшаву не прымалася.

“Мы працягваем працаваць, як і да гэтага. Ціханоўская, як і раней, застаецца пад літоўскай аховай. На сувязі з Літвой па ўсіх пытаннях”, — сказаў ён.

Паводле Вячоркі, да ўвядзення новай сістэмы аховы рана казаць пра якія-небудзь змены ў дзейнасці ОСТ або яго пераездзе. У Ціханоўскай “застаецца статус госця Літвы і дыпламатычная акрэдытацыя без імунітэту”.

10 снежня “Наша Ніва“ са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Ціханоўскай не вярнулі ахову ў Літве, у сувязі з чым частка супрацоўнікаў ОСТ пераязджае ў сталіцу Польшчы.

Беларуская служба “Радыё Свабода” са спасылкай на ўласныя крыніцы апублікавала інфармацыю, што ў Варшаву збіраюцца пераехаць сама дэмлідэр і частка супрацоўнікаў яе офіса.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільнюсе. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэнне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс расцаніў гэты крок як здраду). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не знята, але “скарэкціравана з улікам бягучых рэалій”.

8 кастрычніка саветнік дэмлідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў, што работа фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпынена ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі”.

14 кастрычніка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.

17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханаўскую ахову — да таго часу, пакуль не будзе сфарміравана новая сістэма бяспекі.

22 кастрычніка намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў аб “пагрозах учынення забойства”, якія паступілі на яго адрас і ў адрас Ціханоўскай.

Перагляд аховы Ціханоўскай “не быў палітычным рашэннем аб зніжэнні ўзроўню”, гэта “змена формы”, заявіў 24 кастрычніка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Падзяліцца: