Рэжым у Беларусі імкнецца выставіць Літву безадказнай дзяржавай — Літоўскае войска

11 снежня, Позірк. У лістападзе “ў варожай інфармацыйнай прасторы” актыўна распаўсюджваліся паведамленні пра сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы, пры гэтым “рэжым у Беларусі імкнуўся сфармаваць вобраз Літвы як безадказнай дзяржавы, уразлівай да знешняга ўплыву”, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным аналітыкамі Літоўскага войска.
Аляксандр Лукашэнка ды “іншыя прадстаўнікі рэжыму”, як гаворыцца ў дакуменце, “паўтаралі тэзы пра тое, што Літва неабгрунтавана абвінавачвае Мінск у стварэнні пагроз, тады як Беларусь імкнецца да дыялогу і “па-добраму” клапоціцца пра кіроўцаў, якія захраслі на мяжы”.
Сцвярджалася, што менавіта Літва не хоча дыялогу і дзейнічае “на ўказанне Бруселя і Вашынгтона”. Паралельна распаўсюджваліся заявы пра тое, што памежныя абмежаванні былі патрэбныя, каб “стварыць умовы для запуску законнай блакады Калінінграда” і абгрунтаваць павелічэнне абаронных выдаткаў.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
У гэты ж дзень Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі выказаўся наконт “шароў з цыгарэтамі, якія лётаюць ці то ў Літву, ці то з Літвы”. Паводле яго слоў, адбылося “сур’ёзнае абмеркаванне пытання”, аж да “прыцягнення пілотаў грамадзянскай авіяцыі”. Палітык сцвярджае, што прэтэнзіі, якія выстаўляе Літва, “сапраўднасці не адпавядаюць”.
“Тое, што нам сёння высоўваюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары, як яны кажуць, па 200 (цяпер быццам ці то 20, ці то 50) туды залятаюць… Я размаўляў з лётчыкамі, пілотамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не прадстаўляе. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць. Навошта, паўстае пытанне”, — сказаў Лукашэнка.
Адначасова ён заявіў, што ў Літве “пачынаюць гвалтам крычаць” наконт грузавікоў, якія засталіся ў Беларусі пасля закрыцця мяжы Вільнюсам.
“Калі яны (аўтамабілі. — “Позірк”.) валяюцца на ўзбочыне дарогі, можа, у Літве гэта нармальна. У нас гэта непрымальна. Мы іх размясцілі на стаянках, ахоўваем, каб ніхто не ўлез у гэтыя аўтамабілі, каб груз захаваўся, — адзначыў спікер. — Не трэба “на дурніцу” крычаць гвалтам і шумець. Не трэба прыцягваць амерыканцаў, расіян ці ўкраінцаў. Гэты нумар не пройдзе. Гэтая тэма ляжыць у плашчыні нашых перагавораў і нашых стасункаў”.
Палітык у чарговы раз заклікаў Вільнюс вырашыць усе пытанні шляхам перагавораў. “Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных стасункаў — сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма”, — заявіў ён.
Пры гэтым ён агучыў “пункты, якія цікавяць беларускі бок” на патэнцыйных перагаворах з Літвой. “Вярніце нам 17 ці 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зімбабвэ. Нармалізуйце працу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт”, — пералічыў патрабаванні Лукашэнка.
“Яны ад нас нечага патрабуюць. А калі б мы ў Беларусі стваралі альтэрнатыўныя ўрады і падтрымлівалі “байцоў за незалежнасць”? Яны там ствараюць баявыя атрады, яны іх узбройваюць. Памятаеце — харугвы. Яны нікуды не падзеліся. І цэлыя палкі, як яны называюць”, — дадаў палітык.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва і Польшча зафіксавалі першых пасля працяглага перапынку мігрантаў на сваіх межах з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваМінулым днём на беларускіх метэастанцыях зафіксавана амаль 20 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка


