Мінск 10:56

У ААН прынятая падрыхтаваная Украінай рэзалюцыя па ЧАЭС, супраць галасавала Беларусь, якая прапанавала альтэрнатыўны варыянт

Ілюстратыўнае фота: Loey Felipe / UN Photo

11 снежня, Позірк. Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 10 снежня прыняла падрыхтаваную Украінай рэзалюцыю “Умацаванне міжнароднай супрацы і каардынацыі намаганняў па вывучэнні, змякчэнні і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы”.

Паводле інфармацыі ўкраінскага інфармагенцтва UNN, якое сачыла за трансляцыяй працэдуры, дакумент падтрымалі 97 краін, устрымаліся — 39, выступілі супраць — 8, у ліку якіх Беларусь, Расія і ЗША.

У дакуменце гаворыцца пра “доўгачасовыя сур’ёзныя наступствы Чарнобыльскай аварыі, патрэбы пацярпелых супольнасцяў і тэрыторый”, падкрэсліваецца “важная роля ААН, у прыватнасці Праграмы развіцця, у кароткатэрміновым і доўгатэрміновым аднаўленні пацярпелых рэгіёнаў”.

Сярод іншага ў рэзалюцыі выказана “сур’ёзная занепакоенасць” тым, што ў лютым 2025 года новы ахоўны канфайнмент (саркафаг) над разбураным 4-м энеагаблокам Чарнобыльскай АЭС быў пашкоджаны дронам, што “паставіла пад пагрозу дзесяцігоддзі міжнароднага прагрэсу ў гарантаванні бяспекі аб’екта”.

Генасамблея вырашыла правесці 24 красавіка 2026 года адмысловае пасяджэнне, прысвечанае 40-й гадавіне катастрофы на ЧАЭС, і заклікала сусветную супольнасць дапамагчы Украіне аднавіць пашкоджаную інфраструктуру станцыі.

Беларусь, згодна са звесткамі медыяслужбы ААН, падрыхтавала альтэрнатыўны варыянт рэзалюцыі па тэматыцы Чарнобыля; Кіеў і Мінск таксама ўнеслі праўкі да дакументаў адзін аднаго. Праз наяўнасць праектаў-канкурэнтаў узнікла працэдурная спрэчка пра тое, чый дакумент мае разглядацца першым. Галасаваннем першынство было аддадзенае Кіеву.

Паводле інфармацыі агенцтва “Укрінформ”, прэзентуючы праект, пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Андрэй Мельнік заявіў, што толькі яго краіна мае “выключнае суверэннае права ініцыяваць рашэнні ААН адносна Чарнобыля”, і “рэзка раскрытыкаваў Беларусь за ўнясенне альтэрнатыўнага праекта рэзалюцыі без кансультацый з Украінай”. Паводле слоў дыпламата, Мінск “страціў якое-небудзь маральнае права ініцыяваць дакументы па чарнобыльскай тэматыцы”.

Мельнік нагадаў, што 24 лютага 2022 года Расія пачала ўварванне ва Украіну, у тым ліку праз беларускую мяжу, і ЧАЭС была адным з першых захопленых аб’ектаў. Войскі РФ, якія ўтрымлівалі станцыю 36 дзён, паводле яго слоў, “парушалі правілы ядзернай бяспекі і выкарыстоўвалі аб’ект як плацдарм для наступу на Кіеў”. Тое, што Беларусь дазволіла РФ выкарыстаць сваю тэрыторыю для ўварвання, згодна з дакументамі ААН, лічыцца актам агрэсіі, падкрэсліў Мельнік.

Унесеныя Беларуссю праўкі да гэтай рэзалюцыі не былі падтрыманыя. Пасля таго, як украінскі варыянт быў прыняты, Кіеў прапанаваў не разглядаць беларускі праект на тую самую тэму. Прапанова была прынятая, нягледзячы на ​​пярэчанні Мінска і Масквы.

Саркафаг ЧАЭС згубіў здольнасць да ізаляцыі — ацэнка МАГАТЭ наступстваў удару дрона

6 снежня, Позірк. Ацэнка стану новага бяспечнага канфайнмента (саркафага) на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС, які пацярпеў у выніку ўдару беспілотніка ў лютым 2025 года, завяршылася на мінулым тыдні, паведаміў 5 снежня генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Марыяна …
Падзяліцца: