Мінск 15:53

Ціханоўская лічыць увядзенне рэжыму экстрэмальнай сітуацыі ў Літве вымушаным адказам на правакацыі Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа
Архіўнае фота на старонцы Ціханаўскай у Х

9 снежня, Позірк. Абвясціць пра ўвядзенне рэжыму экстрэмальнай сітуацыі (ЭС) Літву вымусілі “апошнія правакацыі [Аляксандра] Лукашэнкі з выкарыстаннем кантрабандных паветраных шароў для парушэння працы грамадзянскай авіяцыі”, заявіла 9 снежня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Пагрозы рэгіянальнай бяспекі будуць захоўвацца да тае пары, пакуль захоўваецца дыктатура. Мы рашуча выступаем супраць гэтых гібрыдных атак разам з Літвой”, — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

9 снежня ўрад Літвы абвясціў ЭС дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Урад нагадаў, што праз пагрозу, якую ствараюць для грамадзянскай авіяцыі паветраныя шары, што прылятаюць з кантрабандай, Вільнюскі аэрапорт з кастрычніка быў закрыты агулам больш за 60 гадзін. Праблема закранула больш за 350 рэйсаў, каля 51 тыс. пасажыраў.

Апошні раз паветраная прастора над аэрапортам Вільнюса праз метэазонды з Беларусі закрывалася ўвечары 6 снежня.

2 снежня міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у звароце на імя камісара ЕС па ўнутраных справах і пытаннях міграцыі Магнуса Брунера паведаміў, што ад пачатку 2025 года зафіксавана парушэнне паветранай прасторы Літвы 599 шарамі для транспартавання кантрабанды і 197 дронамі.

У Літве абвешчана экстрэмальная сітуацыя праз "гібрыдную атаку Беларусі" (дапоўнена)

9 снежня, Позірк. Урад Літвы 9 снежня абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз "гібрыдную атаку Беларусі", вынікае з паведамлення прэс-службы органа выканаўчай улады гэтай балтыйскай краіны. Адзначаецца, што рашэнне прынятае "ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для …
Падзяліцца: