Мінск 15:52

Расія за тры тыдні не дазволіла завезці з Беларусі больш за 5,5 т мясамалочнай прадукцыі

Фота: Рассельгаснагляд

9 снежня, Позірк. Пра прадухіленне нелегальнага ўвозу з тэрыторыі Беларусі больш як 5,5 т мясной і малочнай прадукцыі без суправаджальных дакументаў паведаміла 8 снежня расійская Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Адзначаецца, што з 18 лістапада па 7 снежня спецыялісты ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях у пункце прыёму апавяшчэнняў “Чырвоны Камень” (Злынкаўскі раён Бранскай вобласці) “ажыццявілі кантроль 15 легкавых аўтамабіляў і мікрааўтобусаў з рознай гатовай мясной і малочнай прадукцыяй”.

Як сцвярджаецца, транспарт рухаўся “з боку Рэспублікі Беларусь у абыход афіцыйных ветэрынарных пастоў”. Аўтамабілі былі затрыманыя “ва ўзаемадзеянні з памежным упраўленнем ФСБ Расіі па Бранскай вобласці і Бранскай мытняй”.

Пры правядзенні кантролю высветлілася, што “ва ўсіх выпадках перавозчыкі не мелі неабходных таварасуправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі, у тым ліку і ветэрынарныя суправаджальныя дакументы”.

“Акрамя таго, грузы перавозіліся ў нездавальняльных санітарных умовах, у багажніках і грузавых адсеках аўтамабіляў, не прызначаных для транспартавання харчовых прадуктаў, без ажыццяўлення кантролю вызначаных вытворцамі тэмпературных рэжымаў перавозкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Грузы вернутыя на тэрыторыю Беларусі, рэгіянальнае ўпраўленне Рассельгаснагляду прыцягнула вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці.

Паведамляецца, што ад пачатку года ў Бранскай вобласці “на тэрыторыю сумежнай дзяржавы” вернута агулам больш за 23,5 т прадукцыі, якая транспартавалася без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, “у тым ліку абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю”.

Падзяліцца: