Мінск 20:47

Афіцыйны Мінск назваў “наборам палітызаваных штампаў” заяву групы “сяброў дэмакратычнай Беларусі”

5 снежня, Позірк. “Наборам палітызаваных штампаў і двайных стандартаў, якія скажона прадстаўляюць рэальную сітуацыю ў Беларусі”, назвала дэлегацыя афіцыйнага Мінска пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) заяву “групы сяброў дэмакратычнай Беларусі”, вынікае з паведамлення прэс-службы МЗС 5 снежня.

Раней група апублікавала заяву, у якой заклікала Мінск “цалкам выканаць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы АБСЕ ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама спыніць падтрымку “незаконнай і неабгрунтаванай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”, а таксама вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў.

У заяве беларускай дэлегацыі ў адказ сцвярджаецца, што Беларусь — “суверэнная, незалежная дзяржава, чые грамадства, заканадаўства і інстытуты — не прадмет для вонкавага дыктату”, а “беларускі народ здольны самастойна вызначаць свой лёс”.

“Дапамога з боку замежных дабрахотаў у “падрыхтоўцы дэмакратычнай будучыні” краіны беларусам не патрэбныя. Больш за тое, спробы навязаць Беларусі авантурныя палітычныя сцэнарыі звонку — гэта прамое парушэнне прынцыпу неўмяшання. Гэтыя спробы асуджаныя на правал”, — заявілі ў дэлегацыі.

Афіцыйны Мінск традыцыйна абвінаваціў Захад у тым, што ён сам нібыта “даўно і паслядоўна ігнаруе ўласныя абавязацельствы”, заявіўшы, што “цяперашняя палітычная лінія шэрагу заходніх дзяржаў у дачыненні да Беларусі — пагардлівае ігнараванне геапалітычных рэалій”.

“Яшчэ раз паўтараем: Беларусь адкрытая да дыялогу — але толькі паважлівага і раўнапраўнага. Шантаж, ціск і маніпуляцыі пад выглядам “праваабарончай заклапочанасці” такому дыялогу не толькі не спрыяюць, а наадварот — канчаткова разбураюць яго”, — гаворыцца ў заяве.

Як паведаміў “Позірку” дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка, 30 з 57 дзяржаў — членаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, уключаючы амаль усе краіны ЕС, Нарвегію, Вялікабрытанію, Канаду, Украіну і ЗША — уваходзяць на сёння ў дзеючую ў яе рамках АБСЕ групу “сяброў дэмакратычнай Беларусі”.

На арганізаваным згаданай групай 4 снежня ў Вене мерапрыемстве “Падрыхтоўка да дэмакратычнай будучыні Беларусі” на палях 32-га пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін — удзельніц АБСЕ выступіла Святлана Ціханоўская.

Падчас асноўнай сесіі 4 снежня міністры і прадстаўнікі многіх краін выказаліся ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі і з асуджэннем дзеянняў Мінска.

У прыватнасці, вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас асудзіла падтрымку рэжымам Аляксандра Лукашэнкі расійскай агрэсіі ва Украіне і працяглыя рэпрэсіі ў Беларусі; міністр замежных спраў Нарвегіі вітаў удзел Ціханоўскай у мерапрыемстве і заклікаў працягваць падтрымку дэмакратычных сіл; міністр замежных спраў Люксембурга асудзіў галасаванне Беларусі ў ААН супраць рэзалюцыі па вяртанні ўкраінскіх дзяцей і адзначыў важнасць вызвалення Сяргея Ціханоўскага і ўсіх палітвязняў. Літва асудзіла гібрыдныя атакі Мінска і падкрэсліла неабходнасць падтрымкі дэмсіл.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта, які ачольвае дэлегацыю афіцыйнага Мінска, заклікаў адмовіцца “ад практыкі ізаляцыі, навешвання ярлыкоў і ўвядзення незаконных санкцый”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, яна ў гэты час прысутнічала ў зале.

Падзяліцца: