Мінск 11:33

Палітыка “штучнай канфрантацыі” не адпавядае інтарэсам Беларусі і Фінляндыі, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Joakim Honkasalo / unsplash.com

6 снежня, Позірк. Мінск “заўсёды быў і застаецца адкрытым да аднаўлення прагматычнай і канструктыўнай двухбаковай супрацы на карысць” народаў Беларусі і Фінляндыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 снежня фінаў з Днём незалежнасці.

“Спадзяюся, што агульнымі намаганнямі мы пераадолеем часовыя цяжкасці і зможам дасягнуць станоўчых вынікаў па ўсіх напрамках беларуска-фінскага ўзаемадзеяння”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, палітыка “штучнай канфрантацыі” не адпавядае “фундаментальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў”, паміж якімі “гістарычна складаліся паважлівыя стасункі, заснаваныя на агульных хрысціянскіх каштоўнасцях, прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы і памнажэння нацыянальнага дабрабыту”.

Фінляндыя, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі ўвесну 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

Афіцыйны Хельсінкі паслядоўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы. Адзін з апошніх прыкладаў — менавіта на запрашэнне Фінляндыі, якая старшынствуе ў Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе (АБСЕ), кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 4 снежня прыбыла ў Вену (Аўстрыя) на мерапрыемствы ў рамках 32-га пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін — удзельніц АБСЕ.

Група “сяброў дэмакратычнай Беларусі” пры згаданай арганізацыі выступіла з сумеснай заявай (Фінляндыя ў ліку падпісантаў), у якой заклікала Мінск цалкам выканаць свае міжнародныя абавязацельствы і абавязацельствы АБСЕ ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама спыніць падтрымліваць “незаконную і неапраўданую агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны”.

Падзяліцца: