“Вясна”: Мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў знаходзіцца за кратамі

5 снежня, Позірк. Як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў сустрэнуць сваё прафесійнае свята (адзначаецца ў Беларусі ў першую нядзелю снежня) за кратамі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
“Многія з іх — за тое, што павінна абараняцца законам: права на абарону, права на прафесію і права дапамагаць іншым“, — адзначаюць праваабаронцы.
Са спасылкай на даныя праекта “Права на абарону”, паведамляецца, што з 2020 года ў Беларусі 146 адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзій, дзясяткі сталі “фігурантамі адміністрацыйных і крымінальных спраў”.
Сёння як мінімум сем адвакатаў утрымліваюцца ў зняволенні паволе палітычных матываў: Аляксей Бародка, Віталь Брагінец, Аляксандр Данілевіч, Максім Знак, Анастасія Лазарэнка, Сяргей Хлыстоў і Юлія Юргілевіч.
“Многія з іх абаранялі палітвязняў — і самі імі сталі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама паводле палітычных матываў асуджаныя юрысты “Вясны” Уладзімір Лабковіч, Анастасія Лойка, Валянцін Стэфановіч, былыя юрысконсульты наваполацкіх прадпрыемстваў “Нафтан“ і “Палімір“ (Віцебская вобласць) Аляксандр Капшуль і Ігар Мінц.
За кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў знаходзяцца былы следчы Следчага камітэта, юрыст Мікіта Старажэнка і юрыст 2-га класа, былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Лашч.
Таксама “Вясна” называе ў ліку асуджаных былога юрысконсульта Бюро мытна-ліцэнзійнага забеспячэння і экспартнага кантролю Арцёма Сямёнава і Людмілу Чэкіну, якая працавала спачатку юрыстам “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ”, а затым стала генеральным дырэктарам кампаніі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пачаўся сістэматычны ціск на адвакатуру. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся не залежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.
Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы паводле палітычных матываў, асобныя прызнаныя палітвязнямі. Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
У канцы лютага гэтага года ў Мінску КДБ затрымаў прынамсі 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшла на волю.
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца “пад кантролем” і “дзейнічаць паводле закона, а не нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабодаў”.
Паводле даных ініцыятывы “Права на абарону” на пачатак 2024 года, за чатыры гады ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650.
11 красавіка намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў заявіў, што “сёння ў краіне 1.588 адвакатаў, якія аказваюць на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў ёй”.
Паводле звестак ААН, за апошнія пяць гадоў колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася больш чым на 590 чалавек, да крымінальнай адказнасці прыцягнута не менш за 14 адвакатаў.
Эксперты ААН заклікалі спыніць рэпрэсіі адвакатаў у Беларусі

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася амаль на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаУ трэцім квартале самыя дарагія ў ЕАЭС кароткатэрміновыя валютныя крэдыты былі ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС два дні запар не фіксуюць спробаў нелегальнай міграцыі з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка

