Эксперты ААН заклікалі спыніць рэпрэсіі адвакатаў у Беларусі

17 лістапада, Позірк. Эксперты ААН асудзілі 17 лістапада прызнанне “экстрэмісцкім фарміраваннем” “Беларускай асацыяцыі адвакатаў па правах чалавека” (БААПЧ) і заклікалі ўлады ў Мінску спыніць рэпрэсіі незалежных адвакатаў.
“Неабгрунтаванае ўмяшанне і абмежаванні, якія накладаюцца на юрыдычную прафесію ў Беларусі, рызыкуюць адкрыць шлях да сістэматычных парушэнняў права на справядлівае судовае разбіральніцтва і роўнасць перад законам на ўсёй тэрыторыі краіны”, — адзначаецца ў заяве.
Эксперты зноў заклікалі ўлады ў Мінску прывесці нацыянальнае антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.
“Мы асцерагаемся, што БААПЧ магла быць прызнаная “экстрэмісцкай” у адказ на яе ўзаемадзеянне з міжнароднымі органамі і механізмамі правоў чалавека, і заклікаем улады Беларусі скасаваць гэтае вызначэнне і ўстрымацца ад распачынання крымінальных спраў у дачыненні да яе членаў”, — заявілі эксперты.
“Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека” прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем” у жніўні 2025 года.
БААПЧ створана за мяжой у красавіку 2023 года. Яна аб’яднала спецыялістаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі і вымушана пакінуўшых краіну. Рэсурсы арганізацыі ў інтэрнэце маюць статус“экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пачаўся сістэматычны ціск на адвакатуру. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся не залежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.
Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы паводле палітычных матываў, асобныя прызнаныя палітвязнямі. Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
У канцы лютага гэтага года ў Мінску КДБ затрымаў прынамсі 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшла на волю.
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца “пад кантролем” і “дзейнічаць паводле закона, а не нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабодаў”.
Паводле даных ініцыятывы “Права на абарону” на пачатак 2024 года, за чатыры гады ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650.
11 красавіка намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў заявіў, што “сёння ў краіне 1.588 адвакатаў, якія аказваюць на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў ёй”.
Паводле звестак ААН, за апошнія пяць гадоў колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася больш чым на 590 чалавек, да крымінальнай адказнасці прыцягнута не менш за 14 адвакатаў.

- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася амаль на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаУ трэцім квартале самыя дарагія ў ЕАЭС кароткатэрміновыя валютныя крэдыты былі ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС два дні запар не фіксуюць спробаў нелегальнай міграцыі з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка


