Мінск 14:09

Лукашэнка абмеркаваў шэраг сумесных праектаў з кіраўніком Аманскага інвестыцыйнага агенцтва

5 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка, які вярнуўся ў Аман з Алжыра, 5 снежня правёў перамовы з прэзідэнтам Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдулсаламам Аль-Муршыдзі, паведаміў неафіцыйны канал прэс-службы беларускага палітыка.

Ключавымі тэмамі размовы названыя стварэнне сумеснага беларуска-аманскага інвестыцыйнага фонду ў Мінску (для фінансавання праектаў на тэрыторыі Беларусі), будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Беларусі, аманскага лагістычнага хаба для беларускіх тавараў, прапрацоўка маршруту “Поўнач-Поўдзень“, інвестыцыі ў аграпрамысловы комплекс Беларусі з пастаўкамі харчавання ў Аман і краіны гэтага рэгіёна, а таксама абмеркаванне экспарту аманскіх морапрадуктаў у Беларусь.

Заяўляецца, што ў рамках “турыстычнага кластара“ была разгледжана магчымасць выкарыстання Амана як пляцоўкі для сумесных праектаў, а таксама ўкладанняў у турыстычныя аб’екты Беларусі.

Таксама абмеркаваны праект стварэння “сумеснай вытворчасці складаных угнаенняў з Алжырам”.

Адзначаецца, што Лукашэнку “паказалі прэзентацыю ходу рэалізацыі дарожнай карты супрацоўніцтва Беларусі і Амана — з канкрэтыкай па праектах і тэрмінах“.

На сайце беларускага палітыка адзначана, што ён у ходзе сустрэчы заклікаў “сістэматызаваць“ сумесныя беларуска-аманскія праекты і “вызначыцца, як <…> дзейнічаць у далейшым“. Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што яго “задавальняе“ апошняя заява суразмоўцы, які абяцаў, што рэальны рух па праектах будзе відаць “у бліжэйшыя год-два“.

Пра тое, што Лукашэнка пасля прыбыцця з Амана ў Алжыр 2 снежня на наступны дзень вярнуўся ў Маскат, дзе “запланаваны шэраг непублічных сустрэч для абмеркавання ў практычнай плоскасці найважнейшых праектаў з комплексу двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Амана“, паведамлялася ўвечары 3 снежня.

Сцвярджалася, што гэта — “праца ў развіццё перамоваў на вышэйшым узроўні, якія прайшлі ў панядзелак“, а на 6 снежня запланаваная яшчэ адна сустрэча з султанам Амана, якая “падвядзе вынік усіх праведзеных перамоваў“.

Лукашэнка прыбыў у Аман ўвечары 28 лістапада, аднак на публіцы з’явіўся толькі на кароткі час 1 снежня — перад закрытымі перамовамі з султанам Хайсамом бін Тарыкам аль Саідам.

Сустрэчы з кіраўнікамі Амана і Алжыра дэ-факта насілі закрыты характар, аднак пасля апошняй была арганізавана прэс-канферэнцыя.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ахарактарызаваў паездку Лукашэнкі ў Аман не як рабочы, як было заяўлена беларускім бокам, а як прыватны візіт. На перамовах Лукашэнкі і яго сыноў Віктара і Мікалая з султанам гэтай дзяржавы 1 снежня адсутнічалі дзяржаўныя сцягі краін, адзначыў палітык на сваім ютуб-канале.

Падзяліцца: