Сярод палажэнняў дзяржпраграмы ў сферы рынку працы — прыцягненне замежных работнікаў
3 снежня, Позірк. Прыцягненне замежнай працоўнай сілы для “задавальнення патрэбаў наймальнікаў” і “паляпшэнне ўмоў і аховы працы” ўключаныя ў Дзяржаўную праграму “Збалансаваны рынак працы” на 2026–2030 гады, вынікае з паведамлення ўрада.
Праграма зацверджана 3 снежня, адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Таксама рэалізацыя дзяржпраграмы будзе накіравана на “задзейнічанне ўнутраных працоўных рэсурсаў у краіне”.
Заяўленая мэта праграмы — “забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва і задавальненне патрэбнасці эканомікі ў працоўных рэсурсах”.
Адзначаецца, што на рэалізацыю дзяржпраграмы будзе выдзелена 289,5 млн рублёў (288 млн з дзяржбюджэту, 1,5 млн — з мясцовых бюджэтаў).
Тэкст дзяржпраграмы не прыводзіцца.
2 снежня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны апублікавала пералік прафесій, якія будуць найбольш запатрабаваныя ў Беларусі “ў найбліжэйшую пяцігодку”.
Раней беларускія ўлады прызнавалі праблемы з адтокам з краіны кваліфікаваных кадраў і спецыялістаў рабочых спецыяльнасцяў.
1 верасня ў часопісе “Фінансы. Улік. Аўдыт” прагучала меркаванне пра тое, што “ўлічваючы патрэбы прадпрыемстваў і значную колькасць працуючых за мяжой беларусаў, РБ неабходна стымуляваць вяртанне кваліфікаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў”, якіх “не трэба адаптаваць да мясцовых рэалій, часта яны сур’ёзныя прафесіяналы”.
“Таму аддача ад рэпатрыяцыі можа быць вышэйшай, чым ад замежніка, нават з аналагічным узроўнем ведаў”, — гаворыцца ў артыкуле.
У той жа час адзначаецца, што “без прыцягнення дадатковых чалавечых рэсурсаў будзе складана захаваць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках, ды і ў цэлым гарантаваць дзейнасць камерцыйных арганізацый у ключавых галінах, а таксама бюджэтных устаноў (медыцынскіх і інш.)”. “Рэальнасць такая, што роля запрошанай рабочай сілы і ў нашым жыцці стане большай”, — мяркуе аўтар артыкула.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адкрыта выказваўся супраць вяртання ў краіну суайчыннікаў, якія не падтрымліваюць яго рэжым. У красавіку ён выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў “тых галін, пра якія мы папросім”. Ускосна Лукашэнка раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.
У канцы кастрычніка Міністэрства працы абнавіла пералік прафесій, даступных у 2026 годзе для спрошчанага працаўладкавання замежных грамадзян. У пералік уключана 29 рабочых спецыяльнасцяў і 17 прафесій служачых.
Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.
Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі з’яўляецца “доўгатэрміновым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспектах”, заявіла ў траўні намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. Яна перакананая, што на першым месцы па актуальнасці для Беларусі павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне суайчыннікаў, якія мігравалі”.
У кастрычніку 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 156,6 тыс. чалавек — на 5,5 тыс. больш, чым у верасні (4 млн 151 тыс.; +0,13%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа пяць гадоў колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 7,2% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 2 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства



