Мінск 08:55

Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў у Белым Доме “гібрыдныя атакі” рэжыму Лукашэнкі супраць Літвы і Польшчы

Фота: старонка Дзяніса Кучынскага ў Х

3 снежня, Позірк. Пра свой візіт у Белы Дом — “трэці за апошнія пяць месяцаў” — паведаміў у сацсетцы Х дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

У Вашынгтоне ён правёў сустрэчу з намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам, гаворыцца ў паведамленні.

На сустрэчы абмяркоўваліся далейшыя “гуманітарныя намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў”, “мірныя перамовы па Украіне”, вынік якіх “вызначыць будучыню Беларусі”, “важнасць аднаўлення і ўмацавання суверэнітэту Беларусі і запуску працэсу дэмакратычных пераўтварэнняў”, “паглыбленне стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі”, адзначыў Кучынскі.

Таксама ў цэнтры ўвагі былі “цяперашнія гібрыдныя атакі” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць Літвы і Польшчы і “неабходнасць пастаяннага ціску” на Мінск.

28 лістапада паведамлялася, што Кучынскі перадаў дарадцу прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы па нацыянальнай бяспецы Дэйвідасу Матулёнісу 18 прапаноў офіса Ціханоўскай па ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі, “каб спыніць гібрыдныя атакі”.

“У апошнія месяцы рэжым узмацніў ціск на Літву — праз шантаж, запалохванне і элементы гібрыдных нападаў. Мэта Лукашэнкі відавочная: аслабіць Літву, прымусіць Вільнюс паддацца яго патрабаванням. Рэакцыя Літвы — моцная, прапарцыйная і паслядоўная. Менавіта рэжым Лукашэнкі ідзе на эскалацыю, не Літва”, — сказаў дарадца дэмлідара.

Бакі абмеркавалі інцыдэнты з паветранымі шарамі і сумесныя падыходы да рэагавання на пагрозы. “Шмат дзён запар шары, запушчаныя з боку Беларусі, паралізуюць працу вільнюскага аэрапорта і пагражаюць бяспецы палётаў. Гэта яшчэ адна форма гібрыднай вайны”, — адзначыў Кучынскі.

Паводле звестак МУС Літвы, з пачатку года ў паветраную прастору краіны ўварвалася 599 шароў для кантрабанды і 197 дронаў.

Як паведамляў “Позірк”, 30 лістапада стала вядома пра чарговыя “часовыя абмежаванні паветранай прасторы” над аэрапортам Вільнюса.

Пасля аднаўлення працы памежных пераходаў Літва ўжо пяць разоў прыпыняла працу аэрапорта ў Вільнюсе праз новыя метэазонды, якія ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

Генеральная пракуратура Літвы 1 снежня пачала расследаванне па факце аказання дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяннях, накіраваных супраць краіны. Гаворка ідзе пра кантрабанду цыгарэт з Беларусі з дапамогай паветраных шароў.

2 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене анансавала гутарку са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. “Паколькі ён рыхтуецца да паездкі ў Беларусь, сёння ў нас будзе размова па розных пытаннях. Гэта датычыцца, у прыватнасці, сітуацыі не толькі з шарамі, але і з перавозчыкамі, якія захраслі”, — сказала кіраўнік урада.

Раней Ругінене паведаміла, што Латвія і Польшча гатовыя пры неабходнасці абмеркаваць скаардынаванае закрыццё сваіх межаў з Беларуссю на фоне таго, што Літве працягваюць пагражаць аэрастаты, якія запускаюцца з беларускай тэрыторыі.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: