Мінск 21:11

На фоне дэфіцыту кадраў Мінпрацы склала спіс прафесій, найбольш запатрабаваных “у бліжэйшую пяцігодку”

Фота: trans.info

2 снежня, Позірк. “На аснове актуальных даных” Міністэрства працы і сацыяльнай абароны склала пералік прафесій, якія будуць найбольш запатрабаваныя ў Беларусі “ў бліжэйшую пяцігодку”, паведамляе прэс-служба ведамства.

У спіс уключаны: станочнікі і наладчыкі, слесары-мантажнікі, электрамеханікі, электраманцёры, вадзіцелі. Увогуле, паводле прагнозу Мінпрацы, запатрабавана будзе “ўсё, што звязана з перапрацоўчай прамысловасцю”, якая з’яўляецца “асновай рэальнага сектара”.

У ведамстве лічаць, што “попыт змяшчаецца з работнікаў фізічнай працы на кваліфікаваных рабочых, здольных абслугоўваць і працаваць на складаным абсталяванні”.

Таксама ў пералік Мінпрацы ўключыла прафесіі, звязаныя з будаўніцтвам: бетоншчыкаў, муляраў, зваршчыкаў, электрамантажнікаў. У ведамстве адзначаюць “запыт на развіццё інфраструктуры — і сацыяльнай, і эканамічнай”, што вызначае “доўгатэрміновы попыт у гэтай сферы”.

“Рухавіком для ўсіх галін” назвалі ў міністэрстве сферу ІТ. Да запатрабаваных аднесены: распрацоўшчыкі ПЗ, праграмісты, спецыялісты па вэб-парталах і тэхнічнай падтрымцы, а таксама іншыя спецыялісты, якія “патрэбныя не толькі ў ІТ-кампаніях, але і ўнутры традыцыйных галін для павышэння іх эфектыўнасці”.

Прагназуецца таксама запатрабаванасць прафесій, звязаных са сферамі аховы здароўя і адукацыі.

Заяўляецца, што ў Беларусі “адзначаецца рост долі пажылых людзей старэйшых за 75 гадоў”, што “стварае стабільны попыт на спецыялістаў па доглядзе”.

“Без якаснай адукацыі немагчыма падрыхтаваць кадры для ўсіх вышэйпералічаных галін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, прагназуецца перспектыўнасць спецыялістаў з сферы рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, на якіх “захоўваецца стабільны сярэднетэрміновы попыт”.

Мінпрацы адзначае важнасць тэхналагічнага развіцця, бо “эканоміцы неабходныя кадры, якія забяспечваюць не толькі штодзённае функцыянаванне, але і тэхналагічны прарыў, інфраструктурнае развіццё і стварэнне новых прадуктаў”. У ведамстве прагназуюць запатрабаванасць інжынераў (тэхналагічных працэсаў, кантролю якасці, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, механікі).

Раней беларускія ўлады прызнавалі праблемы з адтокам з краіны кваліфікаваных кадраў і спецыялістаў рабочых прафесій.

1 верасня ў часопісе “Фінансы. Улік. Аўдыт” прагучала меркаванне пра тое, што “ўлічваючы патрэбы прадпрыемстваў і значную колькасць працуючых за мяжой беларусаў, РБ неабходна стымуляваць вяртанне кваліфікаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў”, якіх “не трэба адаптаваць да мясцовых рэалій, часта яны сур’ёзныя прафесіяналы”.

“Таму аддача ад рэпатрыяцыі можа быць вышэйшай, чым ад замежніка, нават з аналагічным узроўнем ведаў”, — гаворыцца ў артыкуле.

У той жа час адзначаецца, што “без прыцягнення дадатковых чалавечых рэсурсаў будзе складана захаваць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках, ды і ў цэлым гарантаваць дзейнасць камерцыйных арганізацый у ключавых галінах, а таксама бюджэтных устаноў (медыцынскіх і інш.)”. “Рэальнасць такая, што роля запрошанай рабочай сілы і ў нашым жыцці стане большай”, — мяркуе аўтар артыкула.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адкрыта выказваўся супраць вяртання ў краіну суайчыннікаў, якія не падтрымліваюць яго рэжым. У красавіку ён выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў “тых галін, пра якія мы папросім”. Ускосна Лукашэнка раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.

У канцы кастрычніка Міністэрства працы абнавіла пералік прафесій, даступных у 2026 годзе для спрошчанага працаўладкавання замежных грамадзян. У пералік уключана 29 рабочых спецыяльнасцяў і 17 прафесій служачых.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.

Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі з’яўляецца “доўгатэрміновым і стратэгічным выклікам як у колькасным, так і ў якасным аспектах”, заявіла ў траўні намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч. Яна перакананая, што на першым месцы па актуальнасці для Беларусі павінна стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне суайчыннікаў, якія мігравалі”.

У кастрычніку 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 156,6 тыс. чалавек — на 5,5 тыс. больш, чым у верасні (4 млн 151 тыс.; +0,13%), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Падзяліцца: