Мінск 10:00

З Амана Лукашэнка накіроўваецца ў Алжыр

Алжыр
Ілюстрацыйнае фота: Daoudi Aissa / unsplash.com

2 снежня, Позірк. Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Алжыр пройдзе 2–3 снежня. Як сцвярджае прэс-служба палітыка, гэта будзе першы ў гісторыі двухбаковых стасункаў візіт на найвышэйшым узроўні.

Анансаваныя перамовы Лукашэнкі і алжырскага прэзідэнта Абдэльмаджыда Тэбуна — “у вузкім і пашыраным складах”, “з акцэнтам на паглыбленне гандлёва-эканамічнайсупрацы і рэалізацыю ўзаемавыгадных двухбаковых праектаў”.

У прыватнасці, “плануецца абмеркаваць перспектывы паставак тэхнікі і кааперацыі, узаемадзеяння ў аграпрамысловым комплексе, медыцыне, адукацыі і гуманітарнай сферы ў цэлым”.

Паведамляецца, што напярэдадні візіту ў Алжыры адбыўся сумесны бізнес-форум, прайшлі перагаворы на ўзроўні міністраў, кіраўніцтва прадпрыемстваў і кампаній.

Па выніках перагавораў і візіту ў цэлым будуць заключаныя двухбаковыя дакументы па развіцці супрацы ў розных сферах, адзначаецца ў паведамленні.

Лукашэнка адсутнічае ў Беларусі з 26 лістапада. У той дзень ён накіраваўся ў Кыргызстан, дзе 27 лістапада прайшоў саміт АДКБ. Адразу пасля завяршэння сустрэчы палітык вылецеў у М’янму.

Адтуль увечары 28 кастрычніка ён прыбыў у Аман, аднак на публіцы з’явіўся толькі на кароткі час 1 снежня — перад закрытымі перагаворамі з султанам Хайсамам бін Тарыкам аль Саідам. Пры гэтым звяртае на сябе ўвагу неўласцівы для прэс-службы палітыка стыль падачы матэрыялаў пра перагаворы, у прыватнасці, поўная адсутнасць якіх-небудзь цытат.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Алжырам усталяваныя 24 кастрычніка 1995 года.

Апошнія адкрытыя даныя на сайце амбасады Беларусі ў Егіпце, якая курыруе стасункі з Алжырам, паказваюць на рэзкае падзенне і мізэрныя аб’ёмы двухбаковага гандлю — з 13,2 млн долараў у 2020 годзе да 1,01 млн у 2021-м. У абодвух выпадках тавараабарот быў аднабаковым і складаўся толькі з беларускага экспарту.

Асноўныя экспартныя пазіцыі: калійныя ўгнаенні, тэкстыльныя матэрыялы, прасякнутыя ці пакрытыя пластмасамі, папера газетная, канцылярскія вырабы.

Падзяліцца: