Мінск 14:01

Латвія плануе падоўжыць узмоцнены памежны рэжым з Беларуссю яшчэ на паўгода

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

1 снежня, Позірк. Узмоцнены памежны рэжым на мяжы Латвіі з Беларуссю плануецца падоўжыць яшчэ на шэсць месяцаў — да 30 чэрвеня 2026 года, паведамляе партал навін Delfi, спасылаючыся на праект адпаведнага дакумента.

Рэжым узмоцненай аховы латвійска-беларускай мяжы дзейнічае да 31 снежня 2025 года на падставе рашэння ўрада Латвіі, прынятага 25 чэрвеня.

МУС Латвіі адзначыў, што “ціск нелегальнай іміграцыі па-ранейшаму застаецца трывалым і высокім”. Знешнепалітычнае ведамства таксама падкрэсліла, што адкрытая падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны з боку Мінска “з’яўляецца дадатковай сітуацыяй рызыкі і магчымай матывацыяй для Беларусі працягваць намаганні па дэстабілізацыі сітуацыі на дзяржаўнай мяжы з Латвіяй”.

Адзначаецца, што сёлета Латвія не дазволіла нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі прыкладна 11,8 тыс. мігрантаў. Пры гэтым 31 чалавеку не адмовілі ў перасячэнні мяжы ў абыход правілаў — з гуманітарных меркаванняў.

Узмоцнены рэжым кантролю ўсталяваны ў Лудзе і валасцях Лудзенскага краю, у валасцях Краслаўскага краю, у Аўгшдаўгаўскім краі, у Даўгаўпілсе і ў воласці Каўнатас Рэзекненскага краю.

10 верасня 2024 года ўзмоцнены рэжым памежнага кантролю на мяжы з Беларуссю быў падоўжаны ўрадам Латвіі да 31 снежня. Да гэтага дзеянне ўзмоцненага рэжыму падаўжалася на паўгода 13 сакавіка.

Згодна з латвійскім заканадаўствам, узмоцнены рэжым працы сістэмы па ахове мяжы абвяшчаецца на тэрмін да шасці месяцаў з магчымасцю, пры неабходнасці, яго падаўжэння — да выпраўлення або пераадолення адпаведнай пагрозы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: