Мінск 12:19

У апошні тыдзень лістапада колькасць бязвізавых візіцёраў з краін Еўропы вырасла, але не дасягнула ўзроўню кастрычніка

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

1 снежня, Позірк. З 24 лістапада па 1 снежня ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 3.216 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 2.967), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Гэта больш, чым было ў іншыя тыднёвыя перыяды на працягу лістапада, але ўсё яшчэ саступае ўзроўню кастрычніка, калі да закрыцця Літвой пагранпераходаў на мяжы з Беларуссю колькасць візіцёраў складала амаль 4,5 тыс. у тыдзень.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 1.088 грамадзян Літвы (721 тыднем раней), 899 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.008), 874 грамадзяніны Польшчы (871), 377 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (366).

Рост візіцёраў з Літвы, верагодна, па-ранейшаму звязаны з тым, што Вільнюс 20 лістапада адкрыў пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, якія не працавалі каля трох тыдняў.

Агулам з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведалі 1.239.070 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 398.586 замежнікаў, Літвы — 657.230, Польшчы — 128.930. У рамках пашыранага бязвіза, уведзенага для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года, у Беларусь уехалі 54.324 замежныя грамадзяніны.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Падзяліцца: