Мінск 11:07

Захаваны рост аплаты працы працягне падтрымліваць унутраны попыт у Беларусі — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

1 снежня, Позірк. Захаваны рост аплаты працы працягне падтрымліваць унутраны попыт у Беларусі, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Эксперты адзначылі, што ў краіне “захоўваюцца высокія тэмпы росту аплаты працы”.

“Рэальны заробак павялічыўсялася на 7% г/г (год да года. — “Позірк”.) у кастрычніку пасля 8,6% г/г у верасні, — звярнулі ўвагу ў ЕАБР. – У бюджэтным сектары па-ранейшаму фіксуецца апераджальны тэмп росту: 9,8% г/г у кастрычніку пасля 10,8% г/г у верасні, чаму садзейнічала павышэнне базавай стаўкі аплаты працы”.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў кастрычніку 2025 года склаў 2.758,6 рубля — на 12,2 рубля больш (+0,4%), чым у верасні (2.746,4), паказаў праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У снежні 2024-га гэты паказчык складаў 2.693,9 рубля, студзені 2025-га — 2.427,4, лютым — 2.428,1, сакавіку — 2.601,8, красавіку — 2.613,5, траўні — 2.652,3, чэрвені — 2.717,8, ліпені — 2.772,4, жніўні — 2.762,7.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені — верасні 2025 года выраслі на 10,2% да таго ж перыяду 2024-га.

Падзяліцца: