Мінск 04:16

Амбасадар Польшчы ў Пакістане занепакоены праблемай трафікінгу з Беларусі ў еўрапейскія краіны — СМІ

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 лістапада 2025 года ў 21:34

14 лістапада, Позірк. Занепакоенасць з нагоды трафіку (гандаль людзьмі, уключаючы вярбоўку, перавозку, укрывальніцтва) з Беларусі ў еўрапейскія краіны, у тым ліку Польшчу, выказаў амбасадар гэтай краіны ў Пакістане Мацей Пісарскі.

Як паведаміў пакістанскі штодзённік LEAD Pakistan, такую заяву дыпламат зрабіў на форуме, арганізаваным медыяарганізацыяй “Пакістан у свеце“ для абмеркавання візіту ў Ісламабад намесніка прэм’ер-міністра — міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага і намесніка міністра ўнутраных спраў Мацея Душчыка, які прайшоў з 23 па 25 кастрычніка.

Амбасадар паведаміў, што за апошні год польская памежная служба зафіксавала амаль 27 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі (28,7 тыс. з 1 студзеня па 13 лістапада згодна праведзенага “Позіркам“ аналізу аператыўных звестак ведамства). Выданне адзначае, што Пакістан і Беларусь маюць пагадненне аб адпраўцы больш за 100 тыс. пакістанскіх рабочых для працоўнай дзейнасці на тэрыторыі ўсходняга суседа Польшчы.

Ён таксама нагадвае, што Сікорскі падчас візіту ў Пакістан заявіў, што цягам некалькіх гадоў суседзі Польшчы, Расія і Беларусь, “спрабуюць дапамагчы“ гандлярам людзьмі парушыць польскую мяжу, “эксплуатуючы людзей, выкарыстоўваючы трагічныя сітуацыі і ператвараючы іх (мігрантаў. — “Позірк”.) у інструмент гібрыднай вайны, падвяргаючы іх непатрэбнай рызыцы”. “І Польшча была вымушаная рэагаваць. Цяпер польскія межы з’яўляюцца аднымі з найбольш добра абароненых межаў ЕС“, — сказаў кіраўнік МЗС.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100-150 тыс. спецыялістаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “узбурыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых у выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала аб выяўленні “актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай“, распаўсюджваючы інфармацыю аб уездзе ў Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментары і ролікі ў “ЦікТоку“ 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў“ і “гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

14 жніўня Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь“.

5 лістапада дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі ў двух чытаннях праект закона “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Ісламскай Рэспублікі Пакістан аб рэадмісіі”. Дакумент быў падпісаны сёлета ў красавіку “ў мэтах вызначэння парадку перадачы, прыняцця і вяртання асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзяржаў у парушэнне парадку ўезду, выезду, знаходжання і пражывання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”.

У цяперашні час на сайце Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада Пакістана даступныя прапановы па 17 спецыяльнасцях для працы грамадзян сваёй краіны ў Беларусі. Апошні раз, як паведамляў “Позірк“, прапановы абнаўляліся 29 кастрычніка.

16 з 17 спецыяльнасцяў звязаныя з будаўнічымі работамі, у агульнай складанасці па іх прапануецца 155 вакансій з заробкам 600 долараў.

Яшчэ 200 вакансій з заробкам 500 долараў прапануе кампанія American International, якая знаходзіцца ў Пенджабе, работнікам, якія будуць займацца перапрацоўкай рыбы і морапрадуктаў у Брэсце (імаверна, гаворка аб прадпрыемстве “Санта Брэмар“).

Мяркуючы па звестках на сайце згаданага бюро, жадаючых уладкавацца на працу ў Беларусі па прапанаваных спецыяльнасцях зараз у Пакістане няма.

У той жа час з сайта знікла аб’ява кампаніі з Лахора Group Abu Abdullah, якая шукала шэсць вытворчых рабочых (у арыгінале blue collar — “сіні каўнерык“) на заробак 500-600 долараў. Магчыма, кампанія запоўніла гэтыя вакансіі.

У праекце распараджэння міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, апублікаваным 13 лістапада на сайце ўрадавага цэнтра заканадаўства, гаворыцца аб аднаўленні 17 лістапада працы двух цяпер закрытых пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца) і Кузніца (Брузгі).

Зараз на польска-беларускай мяжы працуюць два аўтамабільныя пункты пропуску: для пасажырскага руху — Цярэспаль (Брэст), для грузавога — Кукурыкі (Казловічы). Акрамя таго, для грузавога руху функцыянуюць чыгуначныя пункты Кузніца (Гродна), Семянуўка (Свіслач), Цярэспаль (Брэст).

Як паведамляў “Позірк”, па выніках першай дэкады лістапада ўпершыню за апошнія два гады польскі кірунак не з’яўляецца прыярытэтным для мігрантаў, якія імкнуцца трапіць з Беларусі ў Еўрасаюз.

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, за апошні год колькасць працоўных мігрантаў у краіне вырасла ў 1,5 раза, больш за палову з іх (54%) — грамадзяне Туркменістана і Узбекістана.

Падзяліцца: