Мінск 17:58

Для эканоміі на ўтыльсборы два беларусы спрабавалі ўвозіць мікрааўтобусы як легкавы транспарт

12 лістапада, Позірк. Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу ў дачыненні да двух беларусаў, якія арганізавалі ўвоз на тэрыторыю краіны грузавых мікрааўтобусаў пад выглядам легкавога аўтатранспарту, паведаміў тэлеграм-канал Мытных органаў Беларусі.

Адзначаецца, што “злачынную схему грамадзяне рэалізавалі ў змове з іншымі асобамі, каб зэканоміць на ўтылізацыйным зборы каля 180 тыс. рублёў”.

Паводле даных мытні, чатыры грузавыя мікрааўтобусы “Мерседэс-Бенц” агульным коштам звыш 440 тыс. рублёў былі ўвезеныя з Польшчы праз пункты пропуску “Брэст“ (мяжа з Польшчай), “Каменны Лог“ і “Беняконі“ (мяжа з Літвой).

“Ужо на тэрыторыі Беларусі грузавыя мікрааўтобусы відазмянялі саматужным метадам у транспартныя сродкі для перавозкі пасажыраў (не больш за 8 пасадачных месцаў), стаўка ўтылізацыйнага збору за якія значна ніжэй“, — адзначаецца ў паведамленні.

Затым “для выпуску ў свабоднае абарачэнне і, адпаведна, выплаты ўтыльзбору, транспартныя сродкі ўжо “ў абліччы легкавых“ даставілі ў ведамасныя пункты мытнага афармлення”.

Паводле звестак ведамства, вынікі судовых аўтатэхнічных экспертыз пацвердзілі “наяўнасць змяненняў у канструкцыях транспартных сродкаў, прадугледжаных вытворцам”.

Паведамляецца аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 231 КК (ухіленне ад выплаты плацяжоў, якія бяруцца мытнымі органамі). Санкцыя артыкула прадугледжвае накладанне штрафу, або абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

Падзяліцца: