Латушка: Мы не змірыліся са смерцю Рамана Бандарэнкі і не забыліся тых, хто яго забіў

12 лістапада, Позірк. Пра адказнасць для асоб, датычных да смерці Рамана Бандарэнкі, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на мітынгу ў Варшаве, прысвечаным пятай гадавіне смерці мінскага актывіста.
“Я выходжу” — гэтыя яго словы сталі лозунгам для соцень тысяч беларусаў, а яго ўчынак — прыкладам мужнасці і годнасці, — цытуе палітыка прэс-служба АПК. — Сёння, ушаноўваючы светлую памяць Рамана Бандарэнкі і ўсіх тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля нас, дзеля будучыні нашай дзяржавы, мы павінны казаць вельмі адназначна і ясна: тыя, хто здзейсніў гэтыя жудасныя злачынствы, павінны панесці адказнасць”.
Паводле слоў палітыка, “міжнароднае правасуддзе ўжо працуе”: “Польскай пракуратурай ужо выдадзеныя ордары на арышт прадстаўнікоў рэжыму, вінаватых у катаваннях”.
“Спадзяюся, што будзе выдавацца яшчэ больш ордараў, каб пазней затрымаць і пакараць гэтых злачынцаў. Але без вяртання нашай роднай Беларусі, без вяртання законнасці і правапарадку на нашу зямлю, мы не зможам сапраўды прыцягнуць да адказнасці тых, хто стаіць за гэтымі злачынствамі”, — канстатаваў ён.
Латушка выказаў спачуванні родным і блізкім Бандарэнкі, а таксама ўсім сем’ям, якія “страцілі сваіх родных праз тэрор рэжыму Лукашэнкі”.
“Мы не змірыліся са смерцю Рамана. Мы не забыліся тых, хто яго забіў. Мы ведаем канкрэтныя прозвішчы. Мы працягнем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб Закон вярнуўся ў Беларусь, дзе забойцаў і катаў будзе чакаць справядлівы суд”, — сказаў палітык.
Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зразалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Перамен” (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Мужчына памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць.
Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна абвергла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і ўрача Арцёма Сарокіна, які надаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. Пасля за разгалошванне медычнай таямніцы Барысевіч прыгаварылі да 6 месяцаў пазбаўлення волі (вызвалілася 19 мая 2021 года), Сарокіна — да 2 гадоў, але з адтэрміноўкай на год.
15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Перамен” затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператара Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, што прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі прыгавораныя да 2 гадоў калоніі за “дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак” (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў калоніі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю).
18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла пра узбуджэнне крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці Бандарэнкі Рамана Ігаравіча” (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не выяўлена”. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны невысвятлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.
У жніўні 2022 года “Кіберпартызаны” апублікавалі запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава (цяпер член Савета Рэспублікі) і спартсмена Дзмітрыя Шакуты пра паездку на “плошчу Перамен” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны смерці мужчыны. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.
Праваабаронцы ўпэўненыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры ўхваленні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі”.
Ціханоўская: Раман Бандарэнка загінуў ад рук тых, хто баіцца праўды


- Грамадства, ЭканомікаНа кожнага беларуса прыпадае больш за 433 кг смецця на год — МінжылкамгасМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы ад пачатку года падаражэлі на 14,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 12 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка

