Ціханоўская: Раман Бандарэнка загінуў ад рук тых, хто баіцца праўды

12 лістапада, Позірк. Раман Бандарэнка “загінуў ад рук тых, хто баяўся і працягвае баяцца праўды”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў пятую гадавіну яго смерці пасля інцыдэнту на “плошчы Перамен” (двор на вул. Чарвякова ў Мінску).
Бандарэнка, падкрэсліла палітык у сваім тэлеграм-канале, “выйшаў у свой двор, каб абараніць тое, што любіў, ён хацеў, каб яго двор заставаўся месцам дабра і спакою”.
“Я памятаю 12 лістапада 2020 года. Тады было цяжка знайсці словы, — адзначыла Ціханоўская. — Я таксама не ведала, што сказаць… і не ведаю дагэтуль. Многія з нас проста маўчалі — ад болю, разгубленасці, ад адчування, што адбываецца тое, чаго не павінна быць. Напэўна, правільных слоў увогуле не існуе, калі адбываецца такая жудасная трагедыя”.
Людзі, датычныя да смерці Бандарэнкі, працягваюць баяцца праўды пра тое, “як здарылася гэтая трагедыя”, “чаму гэтае злачынства так і не было расследавана”, упэўненая яна.
“Сёння мы з цяплом узгадваем яго мужнасць і простае чалавечае права быць свабодным. [Апошняе публічнае паведамленне маладога чалавека перад смерцю] “Я выходжу” стала сімвалам для ўсяго беларускага народа. Сённяшні дзень поўны смутку. Але мы памятаем усіх, хто пацярпеў ад гвалту і беспакаранасці, і настойваем: справядлівасць абавязкова прыйдзе. Беларусь стане краінай, дзе можна выйсці ў свой двор і адчуваць толькі спакой, павагу і бяспеку. Дзе “проста жыць” не будзе небяспечным для жыцця”, — падкрэсліла палітык.
Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зразалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Перамен”. 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў стане комы. Мужчына памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць.
Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна абвергла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і ўрача Арцёма Сарокіна, які надаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. Пасля за разгалошванне медычнай таямніцы Барысевіч прыгаварылі да 6 месяцаў пазбаўлення волі (вызвалілася 19 мая 2021 года), Сарокіна — да 2 гадоў, але з адтэрміноўкай на год.
15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Перамен” затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператара Дар’ю Чульцову, якія вялі жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, што прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі прыгавораныя да 2 гадоў калоніі за “дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак” (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і прыгаварылі да 8 гадоў калоніі, Чульцова ў верасні таго ж года выйшла на волю).
18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла пра узбуджэнне крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці Бандарэнкі Рамана Ігаравіча” (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не выяўлена”. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны невысвятлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.
У жніўні 2022 года “Кіберпартызаны” апублікавалі запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава (цяпер член Савета Рэспублікі) і спартсмена Дзмітрыя Шакуты пра паездку на “плошчу Перамен” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны смерці мужчыны. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай, якая праводзілася пад кантролем беларускіх спецслужбаў.
Праваабаронцы ўпэўненыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры ўхваленні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі”.

- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы ад пачатку года падаражэлі на 14,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 12 лістапада — 16 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства


