Мінск 04:11

Дзявяты год запар кастрычнік у Беларусі цяплейшы за норму

Ілюстрацыя: "Позірк

8 лістапада, Позірк. Дзявяты год запар кастрычнік у Беларусі аказваецца цяплейшым за кліматычную норму, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Белгідрамета.

У мінулым месяцы тэмпература перавысіла сярэднія шматгадовыя значэнні на 0,6 градуса і склала 7,4 градуса вышэй за нуль. Такі і больш цёплы кастрычнік бывае раз на чатыры гады, адзначаюць сіноптыкі.

Найцяплейшым за азначаны перыяд стаў кастрычнік 2020 года з сярэдняй тэмпературай 10,5 градуса. Гэта самая высокая тэмпература ў другім восеньскім месяцы пасля 1945 года.

На большай частцы тэрыторыі краіны ў кастрычніку адзначалася станоўчая анамалія тэмпературы паветра, у паўднёва-заходніх раёнах — нязначная адмоўная.

Сярэдняя тэмпература паветра ў першай і другой дэкадах была ніжэйшай за кліматычную норму — на 0,8 градуса (8,3 супраць 9,1) і на 0,3 (6,6 супраць 6,9) адпаведна, у трэцяй дэкадзе — вышэйшай за норму на 2,5 градуса (7,2 супраць 4,7).

Цяплей за ўсё было днём 23 кастрычніка ў Маларыце (17,9), халадней за ўсё — ноччу 20 кастрычніка ў Лынтупах (-6).

Выпала 66 мм ападкаў (66 л вады на квадратны метр тэрыторыі) — 121% месячнай нормы. Больш за ўсё ападкаў зафіксавана ў Гродзенскай вобласці — 80 мм, або 155% нормы.

Недабор ападкаў у першай дэкадзе (7 мм, або 37% нормы) змяніўся пераўвільгатненнем у другой і трэцяй дэкадах (23 і 36 мм; 149% і 188% нормы).

У асобных раёнах назіраўся галалёд, у Жыткавічах і Высокім адзначаны навальніцы. Максімальная хуткасць ветру дасягнула 24 м/c (у Стоўбцах 12 кастрычніка).

Падзяліцца: