Мінск 23:02

“Альфа-Банк”, які трапіў пад санкцыі ЕС, паведаміў пра хуткае спыненне працы сэрвісу Apple Pay

Фота: старонка "Альфа-Банка" ў "Фэйсбуку"

4 лістапада, Позірк. Плацежныя карты ўключанага 23 кастрычніка ў санкцыйны спіс Еўрасаюза ЗАТ “Альфа-Банк” (брэнд “Альфа Банк у Беларусі”) працягнуць працаваць у Беларусі і за мяжой пасля пачатку дзеяння абмежаванняў 2 снежня, паведамілі ў фінансавай установе.

Аднак, як адзначаецца, магчымыя “кропкавыя праблемы ў Еўропе праз персанальныя рашэнні замежных контрагентаў адносна беларускіх карт”.

Паведамляецца, што перастане працаваць сэрвіс Apple Pay (сістэма мабільных плацяжоў і электронны кашалёк ад карпарацыі Apple. — “Позірк”.).

“Мы ведаем, наколькі гэта важна для ўладальнікаў iPhone, таму распрацавалі рашэнне, каб звыклы спосаб аплаты застаўся з вамі. Ужо ў снежні мы выпусцім плацежныя сцікеры. Таксама працуем над тым, каб зрабіць звыклыя рэчы плацежным інструментам — бірулька, пярсцёнак, бранзалет і іншыя варыянты”, — заявілі ў банку.

Там таксама паведамілі, што стануць недаступныя падпіскі Apple: гаворка пра аплаты, якія ідуць праз Apple ID. У банку заявілі, што прыкладаюць “усе намаганні”, каб вырашыць гэтае пытанне, і параілі пакуль “скарыстацца картай іншага банка для аплаты падпісак”. Падпіскі, якія аплачваюцца непасрэдна праз сайты сэрвісаў, кліентам банка можна будзе аплачваць, як раней. У банку параілі скарыстацца экасістэмай расійскага сэрвісу “Яндэкс”.

Астатнія pay-сэрвісы (Samsung Pay, Swoo Pay) працягнуць працаваць, INSNC “таксама застанецца ў сторах і будзе працаваць”, гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляў “Позірк”, у 19-ы санкцыйны пакет ЕС супраць Расіі ўнесены тры беларускія банкі — згаданы “Альфа-Банк”, “Сбер Банк (Беларусь)” і “Банк ВТБ (Беларусь)”. Адзначаецца, што ў новым пераліку фігуруюць яшчэ дзве беларускія фінансава-крэдытныя ўстановы — банк “БелВЭБ” і “Белгазпрамбанк”, якія трапілі пад абмежавальныя меры ў лютым гэтага года.

Беларускі “Альфа-Банк” знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі.

У 2022 годзе, пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі ва Украіне, ЗША і ЕС увялі санкцыі ў дачыненні да расійскага “Альфа Банка”.

Тады ў беларускай дачцэ заяўлялі, што “Альфа ў Беларусі — гэта асобны бізнес у складзе міжнароднага кансорцыўма”, а таму ў дачыненні да яго і бізнесу ў Беларусі “ніякіх абмежаванняў не ўводзілі” і што “банк працягвае выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы і аказваць фінансавыя паслугі шырокага профілю, у тым ліку валютныя пераводы па SWIFT, абслугоўванне выпушчаных банкам карт Visa і Mastercard па ўсім свеце, дзе прымаюць безнаяўную аплату”.

ЗАТ “Альфа-Банк” уваходзіць у структуру кансорцыўма “Альфа-Груп” (РФ). У цяперашні час банкаўскаму холдынгу ABH Holdings S.A. належыць 99,9% акцый ЗАТ “Альфа-Банк”.

Падзяліцца: