Мінск 04:10

Лукашэнка падпісаў указ аб засяленні арэнднага жылля

Фота: pixabay.com

3 лістапада, Позірк. Указ № 388 “Аб удасканаленні парадку засялення арэнднага жылля” падпісаў 3 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Заяўляецца, што дакумент накіраваны на “скарачэнне тэрмінаў засялення грамадзян у пабудаваныя дзяржаўныя арэндныя кватэры да 30 рабочых дзен ад даты зацвярджэння акта прыёмкі жылога дома ў эксплуатацыю”. Цяпер “такое засяленне дапушчальна ажыццяўляць у тэрмін да 200 дзён”.

“Указам скарочаная працягласць дзейных працэдур, неабходных для засялення грамадзян”, — гаворыцца ў паведамленні.

У прыватнасці, як адзначаецца, работы па тэхнічнай інвентарызацыі жылога дома, які будуецца, будуць пачынацца “не пазней чым за 45 каляндарных дзён да прыёмкі яго ў эксплуатацыю (цяпер — пасля зацвярджэння акта ўводу)”.

“Тэрміны звароту за прадастаўленнем арэнднага жылля, складання тэхнічных пашпартоў, рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці і іншыя скарачаюцца да 1-5 дзён (раней — не менш за адзін месяц)”, — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Дакумент набывае моц з 1 студзеня 2026 года. Да гэтага часу мясцовым Саветам дэпутатаў “даручана прыняць рашэнні па засяленні арэндных кватэр, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, таксама ў 30-дзённы тэрмін”.

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар 18 верасня ў каментары дзяржСМІ.

Асобныя напрамкі будучай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця “ўжо рэалізуюцца”, падкрэсліў кіраўнік Мінэканомікі. У прыватнасці, па арэндным жыллі “ўся заканадаўчая база ўжо ў гэтым годзе створана“: “Людзі ведаюць на якіх падставах, на якіх правілах можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны указ прыняты. Указ прыняты і аб тым, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго арэнднага жыллёвага фонду“.

Чакаецца, што згаданая праграма будзе прынятая на чарговым пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу (складаецца толькі з лаялістаў рэжыму), запланаваным на канец года.

У студзені — верасні 2025 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 31,3 тыс. новых кватэр — на 10,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года (28,4 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 2 млн 942,7 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (+9%; 2 млн 699,9 тыс.).

У 2025 годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 4,5 млн кв.м жылля, вынікае з задання ўрада — гэта значыць за дзевяць месяцаў выканана 65,4% плана.

У 2024 годзе ў краіне павінна было быць пабудавана 4,4 млн кв. м жылля (цяпер запланавана павелічэнне на 2,3%). Паводле звестак Белстата, было ўведзена ў эксплуатацыю 4 млн 390 тыс. 544 кв. м (99,8% плана).

У 2023-м пры заданні ў 4,3 млн кв.м пабудавана 4 млн 195 тыс. 92 кв. м (97,6%), у 2022-м — 4,2 млн кв. м і 4 млн 222 тыс. 619 кв. м адпаведна (100,5%).

Падзяліцца: