Мінск 19:23

Колькасць грамадзян еўрапейскіх дзяржаў, што наведалі Беларусь, за тыдзень знізілася ў 1,8 раза

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

3 лістапада, Позірк. З 27 кастрычніка па 3 лістапада ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 2.284 грамадзяніны еўрапейскіх дзяржаў — у 1,8 разу менш, чым тыднем раней (4.096), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паказчыкі кажуць пра тое, што гэта звязана, перш за ўсё, з закрыццём Літвой мяжы з Беларуссю. У прыватнасці, за тыдзень у краіну прыбыло толькі 246 грамадзян гэтай балтыйскай дзяржавы, хаця тыдзень таму іх было 1.476. За гэты перыяд колькасць грамадзян Латвіі, якія прыбылі на беларускую тэрыторыю, скарацілася з 1.238 да 922, Польшчы — з 828 да 726, іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу — з 613 да 390.

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.228.592 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 394.668 замежнікаў, з Літвы — 655.021, з Польшчы — 125.897. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 53.006 замежных грамадзян.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Урад Літвы 29 кастрычніка прыняў рашэнне, што ў сувязі з залётам аэрастатаў з беларускай тэрыторыі ўсе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрытыя да 24:00 30 лістапада (1:00 1 снежня паводле мінскага часу) з магчымасцю падаўжэння. Па факце яны застаюцца такімі з позняга вечара 26 кастрычніка.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца цалкам закрытым. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) прадугледжаныя выключэнні. Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча, праз яго будуць прапускацца дыпламаты, асобы, якія накіроўваюцца транзітам у Калінінград, грамадзяне, што вяртаюцца ў Літву, грамадзяне Еўрасаюза і краін НАТО, а таксама члены іх сем’яў, і асобы, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Таксама захаваная магчымасць гуманітарнага пропуску асоб праз Мядзінінкай.

У адказ беларускі ўрад забараніў зарэгістраваным у Літве перавозчыкам праязджаць праз усе пункты пропуску, акрамя закрытых літоўскіх.

Падзяліцца: