Мінск 00:22

У сувязі з закрыццём літоўскай мяжы “Мінсктранс” на месяц адмяніў рэйсы ў Вільнюс, Каўнас і Рыгу

Ілюстрацыя: "Позірк"

29 кастрычніка, Позірк. У сувязі з закрыццём Літвой памежнага руху дзяржаўнае прадпрыемства “Мінсктранс” паведаміла аб адмене шэрагу рэйсаў па міжнародных маршрутах.

Згодна з інфармацыяй перавозчыка, з 30 кастрычніка па 30 лістапада адмяняюцца рэйсы: Мінск—Вільнюс адпраўленнем у 04:30; Мінск—Каўнас (07:30); Мінск—Вільнюс (08:30); Мінск—Каўнас (11:00); а таксама Вільнюс—Мінск (14:00); Каўнас—Мінск (16:00), Каўнас—Мінск (17:30), Вільнюс—Мінск (23:30).

З 29 кастрычніка па 29 лістапада адмяняюцца рэйсы Мінск—Рыга (22:00), Мінск—Каўнас (23:30); з 30 кастрычніка па 1 снежня зняты рэйс Каўнас—Мінск (13:50).

Пасажырам, як паведамляецца, “будзе забяспечанае вяртанне поўнага кошту квіткоў за нявыкананыя рэйсы”.

Перавозчык “Экалайнс” з 27 кастрычніка па 29 кастрычніка штодня паведамляе аб адмене рэйсаў у Літву, пры гэтым інфармацыі аб тым, якой будзе сітуацыя ў бліжэйшы месяц, на сайце або ў сацсетках фірмы пакуль няма.

29 кастрычніка ўрад Літвы прыняў рашэнне закрыць да канца восені ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Абмежаванні будуць дзейнічаць да 24 гадзін 30 лістапада з магчымасцю падаўжэння.

Пункт пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку Беняконі) застанецца закрытым цалкам. Для Мядзінінкая (Каменны Лог) захаваюцца выключэнні: праз яго будуць прапускацца дыпламаты, асобы, якія ідуць транзітам у Калінінградскую вобласць (РФ), а таксама вяртаюцца ў Літву — яе грамадзяне, грамадзяне краін Еўрасаюза і краін НАТО, члены іх сем’яў і асобы, якія маюць дазвол на жыхарства ў Літве. Захоўваецца магчымасць выдачы гуманітарных пропускаў, рашэнне аб якіх будзе прымаць Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

“Гэта рашэнне можа быць падоўжана настолькі, наколькі неабходна. Я прашу ўсіх засяродзіцца і паставіцца з разуменнем. Я сапраўды разумею, што гэта створыць масу перашкод і нязручнасцяў як для нашых грамадзян, так і для нашага бізнесу, але сёння мы не можам не адрэагаваць на гібрыдную атаку, накіраваную на Літву”, — заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла на мяжы з Беларуссю пункты пропуску Шумскас (з сумежнага боку Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Такім чынам, пасля сённяшняга рашэння ўрада ў абмежаваным рэжыме будзе працаваць толькі Мядзінінкай (Каменны Лог).

Падзяліцца: