Мінск 14:10

Церашковіч пра “Ноч расстраляных паэтаў”: Гэта быў татальны тэрор — вынішчэнне інтэлектуальнай эліты грамадства

Фота: "Еўрарадыё"

29 кастрычніка, Позірк. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года паводле загаду, падпісанага Іосіфам Сталіным, былі забітыя 102 прадстаўнікі эліты беларускага грамадства, сярод іх — як мінімум 20 літаратараў, заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі, гісторык Павел Церашковіч з нагоды 88-гадовай гадавіны “Ночы расстраляных паэтаў”.

“Але забівалі не толькі пісьменнікаў. У тую ж жудасную ноч расстралялі трох рэктараў БДУ, акадэміка і двух член-карэспандэнтаў Акадэміі навук, двух міністраў народнай асветы, трынаццаць выкладчыкаў і даследчыкаў”, — адзначыў Церашковіч.

“І гэта працягвалася не адну ноч, — дадаў ён. — Гэта быў татальны тэрор — вынішчэнне інтэлектуальнай эліты грамадства. У 1930-х гадах было рэпрэсавана 30 акадэмікаў і член-карэспандэнтаў Акадэміі навук БССР. З 134 аспірантаў Акадэміі навук, якія навучаліся ў 1934 годзе, у 1938-м на волі засталося толькі шэсць”, — падкрэсліў дарадца.

Ахвярамі тэрору, паводле яго слоў, былі не толькі беларусы: “Рэпрэсавалі яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Быў разгромлены цэнтр літоўскай гісторыі і культуры пры Акадэміі навук — усе яго супрацоўнікі, уключаючы двух акадэмікаў, трапілі ў ГУЛАГ або ў ссылку”.

Церашковіч нагадаў, што “ад рэпрэсій пацярпела і беларуская мова”. “Рэформа 1933 года была накіраваная на максімальнае уніфікаванне з рускай: яна скажала традыцыйнае вымаўленне і выкінула вялікія пласты гістарычнай лексікі”, — удакладніў гісторык.

“Згодна з сумна вядомым загадам № 33, тысячы кніг і рукапісаў падлягалі канфіскацыі і знішчэнню. У жніўні 1937 года іх спальвалі ва ўнутраным двары мінскай турмы НКУС БССР”, — сказаў ён.

Паводле слоў Церашковіча, у 1930-я гады ў БССР былі зачыненыя “амаль усе культавыя будынкі, разбураныя архітэктурныя ансамблі старажытных манастыроў у Віцебску, Оршы, Полацку”. “У Магілёве толькі за адну ноч узарвалі дзевяць помнікаў сакральнай архітэктуры. Ад шматлікіх ідэалагічных рашэнняў істотна пацярпелі музейныя калекцыі. Музеі і іх супрацоўнікі былі рэпрэсаваныя”, — адзначыў дарадца.

“Рафаэль Лемкін, ураджэнец Беларусі і аўтар Канвенцыі ААН аб прадухіленні і пакаранні за злачынствы генацыду, пісаў, што генацыд не абавязкова азначае выключна татальнае фізічнае вынішчэньне. Мэта генацыду — знішчэнне сацыяльнай групы, народа, нацыі як супольнасці. “Часцей за ўсё гэта скаардынаваны план, накіраваны на разбурэнне базавых асноў жыцця нацыянальных груп так, каб гэтыя групы зачахлі і памерлі, як расліны, якія пацярпелі ад хваробы”. Гэта культурны генацыд, які ажыццяўляецца праз “апаганьванне” і знішчэнне культурных сімвалаў (кніг, прадметаў мастацтва, рэлігійных рэліквій і г.д.), знішчэнне культурнага кіраўніцтва і культурных цэнтраў (гарадоў, цэркваў, манастыроў, школ, бібліятэк)”, — гаворыцца ў каментарыі Церашковіча.

Ён лічыць “відавочнай” неабходнасць “складаць чэк-ліст злачынстваў, якія адбываліся ў Беларусі ў 1930-я гады, для высвятлення іх адпаведнасці паняццю культурнага генацыду”.

Ноч на 30 кастрычніка 1937 года — адна са змрочных старонак у беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Тады НКУС расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: дзеячаў культуры, навукі, тагачасных чыноўнікаў.

Сярод іх былі 22 літаратары, у тым ліку — Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Тодар Кляшторны, Юрка Леонны, Валерый Маракоў, Майсей Кульбак, Ізі Харык, Васіль Сташэўскі, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Васіль Коваль, Макар Шалай, Арон Юдэльсон і інш.

Забойствы праводзіліся ва ўнутранай турме НКУС (цяпер СІЗА КДБ, так званая “Амерыканка”) і ў падвалах Пішчалаўскага замка (да нядаўняга часу СІЗА № 1, “Валадарка”).

З 1988 года беларусы ў розных гарадах свету праводзяць акцыі ўшанавання расстраляных. У Беларусі мерапрыемствы з літаратурнымі чытаннямі і выступамі музыкаў традыцыйна праходзілі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе пахаваныя шматлікія ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Апошні такі сход адбыўся ў 2020 годзе, пасля чаго з меркаванняў бяспекі іх вырашылі больш не праводзіць.

У 2025 годзе адпаведныя мерапрыемствы, пачынаючы з 25 кастрычніка, праходзяць у Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Латвіі, Літве, Польшчы, ЗША, Францыі, Швецыі, Эстоніі.

Падзяліцца: