Мінск 20:42

Адмоўнае сальда знешняга гандлю за год вырасла ў 5,4 раза

Ілюстрацыя: pixabay.com

27 кастрычніка, Позірк. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі ў студзені — жніўні 2025 года склаў 66 млрд 166,8 млн долараў — на 1,8% больш чым за аналагічны перыяд 2024-га (65 млрд 20,1 млн), сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Экспарт склаўся на ўзроўні 32 млрд 782 млн долараў (32 млрд 452,2 млн; +1%), імпарт — 33 млрд 384,8 млн (32 млрд 565,9 млн; +2,5%). Адмоўнае сальда — 602,8 млн долараў (годам раней было -111,7 млн; рост у 5,4 раза).

Знешнегандлёвы абарот тавараў склаў 54 млрд 196,8 млн долараў (54 млрд 443,8 млн; -0,5%): экспарт — 25 млрд 495,9 млн (26 млрд 142,1 млн; -2,5%); імпарт — 28 млрд 700,9 млн (28 млрд 301,7 млн; +1,4%); адмоўнае сальда — 3 млрд 205,3 млн (-2 млрд 159,6 млн; +48,4%).

Знешнегандлёвы абарот паслуг склаўся на ўзроўні 11 млрд 970 млн долараў (10 млрд 576,3 млн; +13,2%): экспарт — 7 млрд 286,1 млн (6 млрд 312,1 млн; +15,4%); імпарт — 4 млрд 683,9 млн (4 млрд 264,2 млн; +9,8%); дадатнае сальда — 2 млрд 602,2 млн (2 млрд 47,9 млн; +27,9%).

У 2024 годзе знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг склаў 100 млрд 79,3 млн долараў — на 5,1% больш, чым за 2023-ы (95 млрд 180,8 млн). Экспарт склаўся на ўзроўні 49 млрд 385,3 млн (47 млрд 713,6 млн; +3,5%), імпарт — 50 млрд 694 млн (47 млрд 467,2 млн; +6,8%). Адмоўнае сальда — 1 млрд 308,7 млн (годам раней было дадатным — 246,4 млн).

Гандлюючы з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў у студзені — жніўні 2025 года Беларусь экспартавала больш тавараў, чым імпартавала, аднак з дзяржавамі па-за аб’яднання знешнегандлёвае сальда склалася для Мінска адмоўным, сведчыць праведзены “Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Тавараабарот з краінамі СНД за восем месяцаў склаў 36 млрд 347,4 млн долараў (за аналагічны перыяд 2024-га — 36 млрд 387,7 млн; -0,1%). Аб’ём экспарту — 19 млрд 119,5 млн (19 млрд 34,2 млн; +0,5%), імпарту — 17 млрд 227,9 млн (17 млрд. 353,5 млн; -0,7%); дадатнае сальда — 1 млрд 891,6 млн (1 млрд 680,7 млн; +12,5%).

Тавараабарот з дзяржавамі па-за СНД — 19 млрд 627,6 млн долараў (19 млрд 593,9 млн; +0,2%): экспарт — 6 млрд 972,3 млн (7 млрд 694,5 млн; -9,4%), імпарт — 12 млрд 655,3 млн (11 млрд 899,4 млн; +6,4%); адмоўнае сальда — 5 млрд 683,4 млн (-4 млрд 204,9 млн; +35,2%).

Праблемы з экспартам тавараў прызнаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных устаноў 31 ліпеня.

На “касякі” Савета міністраў указаў ён 23 верасня ў Мінску на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

“[Тэмпы росту] ВУП — 101,6%, але прасядаюць галоўныя галіны, — сказаў Лукашэнка. — І мяне што здзіўляе: я вам даручыў заняцца непасрэдна прамысловасцю. Добра па сельскай гаспадарцы — вы, магчыма, перасягнеце год. Ураджайнасць вышэй і гэтак далей. Па дзевяці месяцах палічым — паглядзім. Але тым не менш у нас адставанне і па сельскай гаспадарцы. Хай там доля працэнта. Але адставанне і па прамысловасці. Прамысловасць — ваша пытанне. Пытанне нумар адзін. Арганізоўвайце, напружвайце, прадавайце. Таму што экспарт у нас, што больш за ўсё напружвае, асеў на 2,5%”.

На рэпліку прэм’ера пра тое, што зніжэнне тычыцца толькі таварнага экспарту (разам з паслугамі продажы за мяжу выраслі на 1,2%), Лукашэнка адзначыў, што “і тавары трэба падцягваць, таму што тавары — гэта людзі”.

Падзяліцца: