Мінск 16:50

За тыдзень Беларусь наведала больш за 4 тыс. грамадзян еўрапейскіх дзяржаў — Дзяржпагранкамітэт

Фота: ДПК

27 кастрычніка, Позірк. З 20 па 27 кастрычніка ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 4.096 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 4.449), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у краіну прыбыло 1.238 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.389), 1.417 грамадзян Літвы (1.476), 828 грамадзян Польшчы (742) і 613 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (842).

Усяго з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.226.308 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 393.746 замежнікаў, з Літвы — 654.775, з Польшчы — 125.171. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехала 52.616 замежных грамадзян.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Літва ў сувязі з залётам аэрастатаў з беларускай тэрыторыі прыкладна з 22:10 26 кастрычніка закрыла абодва дзейныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), іх час адкрыцця пакуль невядомы. Па той жа прычыне згаданыя памежныя пераходы былі зачыненыя з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Падзяліцца: