На фоне пераследу замежнікаў Лукашэнка заклікаў аўстрыйцаў “у любы час бяспечна” прыязджаць у Беларусь
26 кастрычніка, Позірк. З 70-годдзем “сучаснай аўстрыйскай дзяржаўнасці, заснаванай на прынцыпе вечнага нейтралітэту”, павіншаваў народ Аўстрыі 26 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
“У 2025 годзе мы таксама адзначаем чарговы юбілей перамогі над нацызмам, — заявіў віншавальнік. — Сёння, калі перад сусветнай супольнасцю ўзнікаюць новыя выклікі для міру і бяспекі, памятаць пра гераічныя старонкі гісторыі і драматычныя ўрокі мінулага вельмі важна“.
Паводле слоў Лукашэнкі, трывалыя кантакты “паміж дзяржаўнымі і палітычнымі дзеячамі, эфектыўнае ўзаемадзеянне ў сферах гандлю і эканомікі, супрацоўніцтва ў галінах культуры і навукі, моцныя грамадскія сувязі” з’яўляюцца “асновай стабільнасці і развіцця”.
“Беларусь імкнецца будаваць такія кантакты з усімі краінамі свету, асабліва з геаграфічна і гістарычна блізкімі. Мы заўсёды рады вітаць аўстрыйскіх грамадзян на гасціннай зямлі Беларусі, якую можна наведаць у любы час бяспечна і без візы“, — адзначыў палітык.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі з 2020 года, закранаюць і замежных грамадзян. У пачатку верасня гэтага года, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, у месцах несвабоды на тэрыторыі Беларусі ўтрымліваліся 32 замежнікі.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, на той момант з 2020 года палітычнаму пераследу ў Беларусі падвергнулася 88 замежнікаў, у тым ліку 22 жанчыны, чатыры чалавекі пенсійнага ўзросту, пяць — з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем.
Часцей за ўсё замежнікаў пераследуюць паводле арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і 358 (шпіянаж) Крымінальнага кодэкса.
Праваабаронцам вядома пра палітычны пераслед у Беларусі грамадзян Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Японіі, Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Эстоніі і іншых краін.
26 кастрычніка 1955 года парламент Аўстрыі прыняў канстытуцыйны акт аб пастаянным нейтралітэце. З тых часоў гэты дзень адзначаецца ў краіне як Нацыянальнае свята.
Аўстрыя з’яўляецца часткай Еўрапейскага саюзу, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.
У сваю чаргу ўрад Беларусі ўвесну летась зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС. На гэтым фоне Лукашэнка віншуе з рознымі святамі не кіраўніцтва, а народы “недружалюбных краін”.
Дэмакратычныя сілы супрацоўнічаюць з Аўстрыяй. Святлана Ціханоўская наведвала гэтую краіну сёлета ў верасні.
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



