Літва ўручыла Беларусі другую за тыдзень ноту пратэсту праз парушэнне паветранай прасторы

25 кастрычніка, Позірк. Часоваму паверанаму ў справах Беларусі 25 кастрычніка ўручаная “строгая нота пратэсту” ў сувязі з другім за гэты тыдзень выпадкам парушэння паветранай прасторы Літвы з беларускага боку, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.
“Увечары 24 кастрычніка 2025 года кампетэнтныя органы Літвы зафіксавалі паўторнае незаконнае перасячэнне паветранай прасторы краіны арганізаванай групай метэаралагічных паветраных шароў, запушчаных з тэрыторыі Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэты інцыдэнт зноў пацягнуў значныя фінансавыя страты для літоўскіх аэрапортаў, авіякампаній і падарожнікаў”.
У ноце МЗС падкрэсліў, што такія дзеянні ёсць грубым парушэннем міжнароднага права, звярнуў увагу на паўтаральны характар парушэння літоўскай паветранай прасторы з боку Беларусі, заклікаў “неадкладна перадаць праз ўсталяваныя дыпламатычныя каналы падрабязныя тлумачэнні інцыдэнтаў, што адбыліся, і зрабіць захады, каб не дапусціць іх паўтарэння”.
Літоўскае знешнепалітычнае ведамства папярэдзіла прадстаўніка ўладаў у Мінску, што Вільнюс “расцэньвае гэтыя інцыдэнты як свядомую правакацыю і эскалацыю напружанасці”.
У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з Беларусі ўляцелі паветраныя шары — такія, якія ў апошні час выкарыстоўваюць кантрабандысты для незаконнага транспартавання цыгарэт. Праз аэрастаты была парушаная праца аэрапорта ў Вільнюсе — агулам затрымалі або скасавалі восем рэйсаў. У мэтах бяспекі Літва да 9 гадзін раніцы прыпыніла працу пунктаў пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі). У той жа дзень беларускаму дыпламату была ўручаная нота пратэсту.
Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларуссю будзе закрытая. Пра перспектывы закрыцця мяжы “на больш працяглы тэрмін” заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
Праз чарговы прылёт шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. З’яўленне аэрастатаў парушыла працу аэрапортаў Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сведчаннем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі “выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”. Паводле яе слоў, рэжым “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”; грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
Палітык падтрымала “крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды”, але заклікала “пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”.
Беларуская мытня абураная тым, што Літва ўжо двойчы закрывала мяжу без папярэджання
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, ПалітыкаBelPol: Украіна — першы атрымальнік інфармацыі аб вайсковай актыўнасці ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



