Ціханоўская: Рэжым выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы

25 кастрычніка, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі “працягвае гібрыдную вайну” супраць краін Еўрасаюза, перадусім супраць Літвы і Польшчы, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сувязі з чарговым парушэннем літоўскай паветранай прасторы аэрастатамі, выпушчанымі з беларускага боку.
Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яе прэс-служба, гэтая сітуацыя “ўжо не толькі пра мігрантаў і прапаганду”, але і “пра эканамічную вайну, пра пагрозу бяспецы грамадзян і палётам”. Ад гэтых дзеянняў, падкрэсліла яна, “церпяць не толькі грамадзяне ЕС, але ў першую чаргу беларусы”.
“У выніку апошніх масавых выпадкаў кантрабанды цыгарэт з выкарыстаннем паветраных шароў Літва была вымушаная часова закрыць мяжу і нават прыпыніць палёты, — звярнула ўвагу Ціханоўская. — Гэта чарговае сведчанне таго, што рэжым выкарыстоўвае кантрабанду як інструмент гібрыднай атакі супраць Еўропы”.
Палітык заявіла, што рэжым Лукашэнкі “ператварыў вытворчасць і нелегальны вываз цыгарэт у частку сваёй палітычнай і эканамічнай стратэгіі”. Паводле яе сцвярджэння, грошы ад кантрабанды “ідуць не крымінальным групоўкам, а непасрэдна ў рэжымныя “гаманцы”.
“Закрыццё памежных пераходаў — лагічны крок дзеля бяспекі, — лічыць Ціханоўская. — Мы падтрымліваем крокі Літвы і яе партнёраў, скіраваныя на ўзмацненне санкцый супраць вытворцаў, перавозчыкаў і арганізатараў кантрабанды. Беларусы выступаюць супраць кантрабанды і супраць выкарыстання нашай краіны для злачынстваў рэжыму”.
“Пры гэтым мы заклікаем пакінуць адкрытымі гуманітарныя і пасажырскія пераходы для сумленных беларусаў і тых, хто ўцякае ад рэпрэсій”, — адзначыла яна.
Паводле слоў дэмлідара, ператварэнне Беларусі з краіны — “крыніцы пагроз” у “надзейнага партнёра і сябра Еўропы” ёсць “супольнай мэтай”.
“Пакуль пры ўладзе Лукашэнка, гэта немагчыма. Але менавіта таму мы працягваем дамагацца перамен — дзеля вольнай Беларусі і бяспечнай Еўропы”, — заявіла Ціханоўская.
Як паведамляў “Позірк”, праз чарговы прылёт паветраных шароў з Беларусі ўвечары 24 кастрычніка Літва трымала мяжу закрытай да поўдня 25 кастрычніка. Праз з’яўленне аэрастатаў закрываліся аэрапорты Вільнюса і Каўнаса, самалёты перанакіроўвалі ў Палангу (Літва), Рыгу (Латвія), Катовіцэ, Гданьск (Польшча).
Паводле інфармацыі прэм’ер-міністра Літвы Інгі Ругінене, з Беларусі “зноў была запушчана вялікая група кантрабандных метэазондаў”. Кіраўніца ўрада анансавала новае пасяджэнне Камісіі па нацыянальнай бяспецы на наступным тыдні, падчас якога плануецца “ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэнняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай перспектыве, каб нанесці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць”.
Упершыню мяжу з Беларуссю праз зонды Літва закрыла ўначы 22 кастрычніка. Транспартныя сродкі не афармляліся да раніцы.
Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў, што мяжа можа быць закрытая на больш працяглы тэрмін.
На фоне пачашчэння паветранай кантрабанды з Беларусі ў Літве могуць увесці адказнасць за пагрозу грамадзянскай авіяцыі
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, ПалітыкаBelPol: Украіна — першы атрымальнік інфармацыі аб вайсковай актыўнасці ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 кастрычніка 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала найменшую за 7,5 месяца колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка


