Мінск 00:37

“Неўзабаве 4 млн працуючых сагнуцца, на карачкі стануць і будуць целяпацца” — Лукашэнка раскрытыкаваў прапанаваныя Саўмінам ільготы для моладзі

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

23 кастрычніка, Позірк. Меры аб падтрымцы моладзі абмяркоўваліся 23 кастрычніка на нарадзе Аляксандр Лукашэнка з кіраўніцтвам Савета міністраў.

Адпаведны ўказ урад прадставіў на разгляд Лукашэнку, паведамляе яго прэс-служба. Дакумент, як заяўляецца, “накіраваны на фарміраванне ўмоў для прыцягнення і захавання маладых кадраў на прадпрыемствах”.

Адзначаецца, што Лукашэнка заклікаў “падыходзіць да гэтага пытання ўзважана”. Паводле яго слоў, “дапамога моладзі не павінна пераходзіць у празмерную апеку, бо сродкі дзяржаве патрэбныя і на іншыя напрамкі, уключаючы развіццё вытворчай сферы і эканомікі”.

“Я не аб тым, каб не дапамагаць моладзі. Моладзь — наша будучыня, і ёй трэба дапамагчы. Давайце канкрэтна скажам, у чым мы павінны дапамагчы моладзі. І паставім на гэтым кропку. Мы павінны стварыць умовы, каб моладзь зарабіла”, — сказаў ён, дадаўшы, што “трэба аб’ектыўна ацэньваць магчымасці па забеспячэнні льгот”.

Адзначыўшы ў чарговы раз, што ў краіне “лішніх” грошай няма, прамоўца канстатаваў, што сацпадтрымка аказваецца за кошт працуючых, якіх ў Беларусі сёння каля 4 млн.

“Неўзабаве гэтыя 4 млн працуючых сагнуцца, на карачкі стануць і будуць целяпацца. Мы ім не зможам зарплату нармальную плаціць. Хто будзе працаваць? Адкуль возьмем грошы? — заявіў Лукашэнка. — У нас гэтыя льготы няма чым ільготаваць. А тыя, хто сёння працуе, вы што, гатовыя са свайго заробку палову ўзяць і аддаць на ільготы камусьці? Не гатовыя. Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта каштуе”.

Ён падкрэсліў, што будаўніцтва жылля для вайскоўцаў і шматдзетных сем’яў “уваходзіць у лік прыярытэтаў для дзяржавы і будзе ў далейшым заставацца пытаннем нумар адзін”.

Пры гэтым Лукашэнка крытычна адазваўся пра месцы ўзвядзення дамоў для шматдзетных: “мМы пачалі будаваць жыллё ў Мінску, у зручных месцах, сцягваючы працоўную сілу ў гарады. Што мы робім? Мы навошта шматдзетныя сем’і сцягваем да Мінска? Яны павінны, як усе, жыць па ўсёй краіне. Раўнамернае размеркаванне працоўных рук, працоўнай сілы, як гэта было ў савецкія часы”.

Па-за буйнымі гарадамі, паводле яго слоў, ёсць мачымасць будаўніцтва “не толькі кватэр, а дамоў з прысядзібнымі ўчасткамі, дзе можна нешта вырошчваць”. “Трэба корпацца ў зямлі і нешта рабіць сваімі рукамі. Мы пра гэта забыліся, пачалі ў Мінску, абласных цэнтрах будаваць жыллё для шматдзетных”, — дадаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што пры аказанні дапамогі “падыход павінен быць адрасным”, бо “нельга дзейнічаць агульным агулам”.

У жніўні 2025 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 156,2 тыс. чалавек — на 8,2 тыс. больш, чым у ліпені (4 млн 148 тыс.; +0,2%), сведчыць праведзены “Позіркам аналіз даных Белстата.

У студзені 2025 года ў эканоміцы было занята 4 млн 131,6 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 141 тыс., сакавіку — 4 млн 146,2 тыс., красавіку — 4 млн 135,8 тыс., траўні — 4 млн 122,1 тыс., чэрвені — 4 млн 149,7 тыс.

У студзені 2024 года ў эканоміцы было занята 4 млн 129,1 тыс. чалавек, у лютым — 4 млн 132,9 тыс., сакавіку — 4 млн 137,8 тыс., красавіку — 4 млн 126,5 тыс., траўні — 4 млн 112,2 тыс., чэрвені — 4 млн 113,6 тыс., ліпені — 4 млн 114,9 тыс., жніўні — 4 млн 118,5 тыс., верасні — 4 млн 108,7 тыс., кастрычніку — 4 млн 117,5 тыс., лістападзе — 4 млн 120,5 тыс., снежні — 4 млн 129,7 тыс.

Раней Позірк паведамляў, што намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў Беларусі ў жніўні склала 2.762,7 рубля — на 9,7 рубля менш (-0,3%), чым у ліпені (2.772,4).

У снежні 2024-га яна складала 2.693,9 рубля, у студзені 2025-га — 2.427,4, лютым — 2.428,1, сакавіку — 2.601,8, красавіку — 2.613,5, траўні — 2.652,3.

Падзяліцца: