Мінск 16:55

У Вярхоўным судзе пачалі судзіць за генацыд памерлага вайсковага злачынцу Ярмольчыка

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

20 кастрычніка, Позірк. Крымінальную справу кіраўніка падраздзялення дапаможнай паліцыі часоў нацысцкай акупацыі Аляксандра Ярмольчыка 20 кастрычніка пачаў разглядаць Вярхоўны суд, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы Наталлі Сакаловай, з восені 1941 па 1943 год Ярмольчык “знаходзіўся на тэрыторыі БССР, кіраваў і непасрэдна браў удзел у карных аперацыях, здзейсніў жорсткія забойствы не менш як 247 жыхароў Беларусі, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей, то бок людзей, якія не маглі ўчыніць супраціў карнікам”.

Пасля “адступлення нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, адзначыла прадстаўнік Генпракуратуры, Ямольчык жыў на тэрыторыі ФРГ пад імем Альберт Кругер. Памёр Ярмольчык 27 лістапада 1984 года, “не атрымаўшы пакарання за здзейсненае злачынства”.

У 1960-х — 1970-х гадах, паводле інфармацыі нагляднага органа, Ярмольчыка “спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў Германіі”, але “нямецкая Феміда доўга разглядала гэтую справу”. “Завяршыць гэты працэс і аднавіць гістарычную справядлівасць трэба будзе беларускаму правасуддзю”, — заявіла ведамства.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа” (у красавіку таго ж года была ўзбуджаная крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа). Пры гэтым пад беларускім народам “для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 украінца Уладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленні вёскі Хатынь. З прычыны яго смерці ў 2015 годзе пакаранне прызначанае не было.

30 снежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводжле арт. 127 без прызначэння пакарання карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.

28 сакавіка 2025 года ВС прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімавіча вінаватым паводле арт. 127.

17 кастрычніка 2025 года ВС прызнаў вінаватым у генацыдзе камандзіра першай роты 118-га батальёна ахоўнай паліцыі нябожчыка Осіпа Вінніцкага, які “наўмысна пазбавіў жыцця не менш за 403 чалавек, уключаючы не менш за 146 дзяцей, у тым ліку цяжарных жанчын, малалетніх, людзей сталага веку”.

Падзяліцца: