Мінск 23:26

Кіраўнік МЗС Арменіі — саюзніка Беларусі па АДКБ і партнёра па ЕАЭС — пацвердзіў імкненне Ерэвана ў Еўрасаюз

Ілюстрацыя: emerging-europe.com

18 кастрычніка, Позірк. Імкненне Ерэвана ў Еўрасаюз пацвердзіў у інтэрв’ю DW Арарат Мірзаян — міністр замежных спраў Арменіі, якая з’яўляецца фармальным саюзнікам Беларусі па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і партнёрам па Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).

У студзені 2025 года ўрад Арменіі ўхваліў, у лютым парламент прыняў, а ў красавіку прэзідэнт Ваагн Хачатуран падпісаў закон “Аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”. Мірзаян адзначыў, што гэты закон абавязвае армянскі ўрад “ажыццяўляць такую ​​палітыку і імкнуцца да ўступлення ў Еўрапейскі саюз”.

“Калі мы пададзім заяўку, я не магу сказаць дакладна — можа быць у наступным месяцы, а можа быць у наступным годзе. Гэта залежыць ад многіх фактараў, — сказаў Мірзаян. — Але, як я ўжо сказаў, гэта наша афіцыйная палітыка. А пакуль, не чакаючы падачы афіцыйнай заяўкі і адказу Еўрасаюза, мы ўжо пачалі працу з Еўрасаюзам, значна паглыбіўшы двухбаковыя стасункі”.

“Мы бачым, што грамадзяне Арменіі патрабуюць ад нас ісці яшчэ далей. І мы бачым з іх боку некаторую крытыку наконт магчымых затрымак і доўгіх унутраных працэдур”, — дадаў ён.

Кіраўнік МЗС Арменіі не выключыў, што Расіі могуць не падабацца працэсы, якія адбываюцца, у тым ліку супраца Ерэвана з Брусэлем.

“Гэта нашыя суверэнныя рашэнні, дэмакратыя — гэта наш выбар. Мы паглыбляем стасункі з Еўрапейскім саюзам, ЗША, то бок з нашымі стратэгічнымі партнёрамі. Супраца з іншымі краінамі — гэта наш суверэнны выбар, нашыя рашэнні. Так што або нармалёвыя партнёры паважаюць адзін аднаго і рашэнні адзін аднаго, альбо гэтае партнёрства мае патрэбу ў абнаўленні”, — заявіў ён.

У апошнія гады стасункі паміж афіцыйным Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі вайсковы канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якая падтрымлівалася Арменіяй, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэння АДКБ, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

У далейшым краіна фактычна спыніла ўдзел у дзейнасці АДКБ, не выходзячы з яе, але паведаміўшы пра такую магчымасць, а Пашынян заявіў, што ні ён, ані іншыя прадстаўнікі краіны не прыедуць у Беларусі да тае пары, пакуль Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе. Апошні неаднаразова сваімі дзеяннямі і заявамі пацвярджаў, што падтрымлівае Азербайджан і гатовы дапамагчы яму з аднаўленнем здабытых тэрыторый.

8 жніўня 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША Пашынян і азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў падпісалі дэкларацыю аб мірных стасунках.

Лукашэнка неаднаразова крытычна выказваўся пра крокі, якія аддаляюць Арменію ад постсавецкіх інтэграцыйных утварэнняў, заклікаў Ерэван вярнуцца ў ранейшае рэчышча стасункаў.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, наадварот, падтрымлівае еўрапейскія памкненні Арменіі. Некалькі разоў яна сустракалася як з Мірзаянам, так і з Пашынянам.

Падзяліцца: