Мінск 05:27

Беларусь наведае кардынал Клаўдыё Гуджэроці

17 кастрычніка, Позірк. Прэфект дыкастэрыі па справах усходніх цэркваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці на наступным тыдні наведае Беларусь для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 100-годдзя Пінскай епархіі (Брэсцкая вобласць), паведаміў МЗС, інфармуючы аб сустрэчы з ім амбасадара пры Святым Пасадзе Юрыя Амбразевіча.

Паведамляецца, што на сустрэчы “бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Святым Пасадам па напрамках, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі кардынала Гуджэроці“. Амбразевіч перадаў кардыналу падарунак і “арыгінал асабістага паслання” Аляксандра Лукашэнкі ў адрас папы рымскага Льва XIV з нагоды яго 70-годдзя (адзначалася 14 верасня).

16 кастрычніка старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі перадаў Льву XIV падчас прыватнай аўдыенцыі афіцыйнае пісьмовае запрашэнне наведаць Беларусь “ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны“.

Паведамлялася, што падчас аўдыенцыі “беларуская дэлегацыя ўзняла шэраг вострых пытанняў, якія хвалююць вернікаў“.

“Адной з галоўных тэм стала сітуацыя з касцёльнай маёмасцю. Іерарх распавёў пра лёс мінскага Чырвонага касцёла, прыход якога пасля забароны на выкарыстанне будынка вымушаны маліцца ў архікафедры. Таксама была згаданая праблема мінскага касцёла на Кальварыйскіх могілках, дзе хоць і дазволена маліцца вось ужо 45 гадоў, але няма яго юрыдычнага вяртання вернікам. Цяпер дзяржаўная арганізацыя плануе там рамонт, з прычыны чаго прыход будзе вымушаны шукаць часовае месца“, — сказана ў рэлізе Vatican News аб аўдыенцыі.

Паведамлялася што “папа ведаў гэтыя гісторыі”.

“Асобна была паднятая тэма святароў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Хоць Свяцейшы Айцец не задаваў гэтага пытання наўпрост, беларуская дэлегацыя сама выказала “заклапочанасць” іх лёсам. паводле слоў арцыбіскупа Станеўскага, гэтая інфармацыя выклікала бачную занепакоенасць Льва XIV”, — гаварылася ў паведамленні.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і царквы ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

У канцы 2024 года стала вядома, што Мінскі абласны суд прыгаварыў да 11 гадоў пазбаўлення волі пробашча касцёла ў Валожыне Генрыха (Генадзя) Акалатовіча. Ксяндза прызналі вінаватым паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве). У красавіку гэтага года Акалатовіч змог перадаць на волю паведамленне, у якім адзначыў, што яго абвінавацілі ў “шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана“. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

У Лепелі (Віцебская вобласць) быў затрыманы манах-кармеліт з Кракава Гжэгаж Гавел. У прапагандысцкім фільме на дзяржТБ (выйшаў 4 верасня) яго абвінавацілі ў зборы сакрэтнай інфармацыі для спецслужбаў сваёй краіны.

Узначаленая Клаўдыё Гуджэроці дыкастэрыя па справах усходніх цэркваў з’яўляецца адным з 16 падраздзяленняў Рымскай курыі (галоўны адміністрацыйны орган Святога Пасада) і займаецца пытаннямі ўсходніх каталіцкіх цэркваў, уключаючы беларускую.

Гуджэроці быў апостальскім нунцыем у Беларусі ў 2011–2015 гадах

Падзяліцца: