Амбасадар Амбразевіч правёў непублічныя сустрэчы з дыпламатамі краін ЕС з мэтай выхаду Беларусі з ізаляцыі і паслаблення санкцый — Reuters

17 кастрычніка, Позірк. Амбасадар Беларусі пры Святым Пасадзе (Ватыкан) Юрый Амбразевіч правёў у Парыжы некалькі непублічных рабочых сустрэч з амбасадарамі краін ЕС, паведаміла агенцтва Reuters.
У беларускай амбасадзе агенцтву паведамілі, што Амбразевіч “запытаў некалькі сустрэч з калегамі-амбасадарамі, акрэдытаванымі ў Францыі, у адпаведнасці са стандартнай дыпламатычнай практыкай“.
Са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў Reuters адзначыла: Амбразевіч на згаданых сустрэчах “імкнуўся данесці думку аб тым, што Беларусь імкнецца выйсці з палітычнай ізаляцыі і можа адыграць сваю ролю ў пошуку рашэння шляхам перамоваў паміж Расіяй і Украінай, а таксама ў будучых перамовах аб еўрапейскай бяспецы“.
Амбасадары краін ЕС мяркуюць, што Мінск спрабуе скарыстацца пацяпленнем у адносінах з ЗША і пераканаць краіны Еўропы аслабіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. “Яны кажуць, што не хочуць эскалацыі канфлікту, таму цяпер яны хочуць весці адкрытую дыскусію з іншымі дзяржавамі і падкрэсліць свае адрозненні ад Расіі“, — паведаміў адзін з дыпламатаў.
Пры гэтым іншы амбасадар, які пацвердзіў запрашэнне на сустрэчу з Амбразевічам, паставіўся да гэтага кроку “скептычна“, гаворыцца ў публікацыі. Ён адзначыў “нязменную падтрымку” Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і заявіў, што “Беларусь арыштавала яшчэ больш апазіцыянераў адразу пасля вызвалення зняволеных у верасні, у тым жа месяцы Мінск і Масква правялі супольныя вайсковыя вучэнні, а Лукашэнка прапанаваў пабудаваць на ўсходзе Беларусі атамную электрастанцыю, якая магла б забяспечваць электраэнэргіяй кантраляваныя Расіяй раёны Украіны“.
Таксама агенцтва адзначае, што “адной з галоўных мэтаў Лукашэнкі было б паслабленне санкцый на калійныя ўгнаенні з Беларусі, сусветнага лідара па вытворчасці гэтага прадукту, і аднаўленне доступу гэтай краіны, якая не мае выхаду да мора, да партоў Балтыкі для іх транспарціроўкі”. “Аднак беларуская апазіцыя, якая знаходзіцца ў выгнанні, карыстаецца падтрымкай балтыйскіх краін — членаў ЕС, рашуча выступіла супраць такіх захадаў”, — падкрэсліла агенцтва.
Амбразевіч быў прызначаны амбасадарам пры Святым Пасадзе ў 27 сакавіка 2025 года. 22 траўня ён дадаткова атрымаў пасады амбасадара пры Суверэнным ваенным ордэне Гаспітальераў святога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры ЮНЕСКА. Раней Амбразевіч быў намеснікам міністра замежных спраў, які курыраваў у тым ліку адносіны Беларусі з краінамі ЕС.
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка падчас слуханняў аб дзейнасці АПК у Каардынацыйнай радзе 8 жніўня ў Варшаве заявіў, што на той момант пад санкцыямі Еўрасаюза знаходзілася 312 фізічных і 47 юрыдычных асоб, звязаных з афіцыйным Мінскам. “Сукупна на сёння мы маем 14 пакетаў эканамічных, персанальных або змешаных санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі, прынятых з 2020 да 2025 года”, — удакладніў ён.
Таксама Мінск згадваецца ў санкцыйных пакетах ЕС супраць РФ, якіх на сёння прынята 18, нагадаў экс-дыпламат.
Апошнія абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Мінска, прынятыя 18 ліпеня, сфакусаваныя на забароне імпарту зброі, кантролі над экспартам і блакаванні фінансавых аперацый. Пры гэтым па Беларусі і Расіі прыняты паасобныя санкцыйныя дакументы.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

- Грамадства, ЭканомікаКолькасць людзей у няволі дрэнна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю, наяўнасць палітвязняў моцна шкодзіць — ЛьвоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваТыднёвая забарона на аборты — непрыдатны інструмент, каб людзі хацелі нараджаць у Беларусі, лічыць псіхолаг ВялічкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа год аб'ём складскіх запасаў вырас на 36%, за пяць гадоў — больш чым удвая (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+