Мінск 19:01

БАЖ падоўжыла разбіральніцтва з нагоды магчымага харасмента з боку намесніка старшыні Гарэцкага

Ілюстрацыя: БАЖ

17 кастрычніка, Позірк. Праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) разгледзела выніковы даклад упаўнаважаных асоб аб сітуацыі вакол магчымых фактаў харасмента з боку намесніка старшыні арганізацыі Барыса Гарэцкага.

Як паведамляе БАЖ, у дачыненні да Гарэцкага атрымана ўсяго адна заява ад “асобы, якая лічыць сябе пацярпелай“, пры гэтым заяўніца “ад камунікацыі з упаўнаважанымі асобамі для ўдакладнення абставінаў адмовілася“.

“Выкладзеныя заяўніцай звесткі не даюць падстаў для прыняцця рашэння адносна кваліфікацыі дзеянняў Барыса Гарэцкага як харасмента. Аднак, паколькі БАЖ падыходзіць да справы не фармальна, а з прынцыповага пункту гледжання, разбіральніцтва падоўжанае да 1 снежня“, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Гэты час, адзначае БАЖ, неабходна, каб “усебакова ацаніць сітуацыю з прыцягненнем знешніх экспертаў”.

Да заканчэння разбіральніцтва Гарэцкі застаецца адхіленым ад выканання прадстаўніцкіх і кіруючых функцый у арганізацыі.

БАЖ пацвердзіла сваё “рэзка адмоўнае стаўленне да харасменту як з’явы, абсалютна непрымальнай у грамадстве наогул і арганізацыі ў прыватнасці”.

Пачаць разбіральніцтва з нагоды “магчымых фактаў харасмента” з боку Гарэцкага праўленне арганізацыі вырашыла 14 жніўня.

Збор інфармацыі ажыццяўляўся ад “магчымых пацярпелых” ад дзеянняў намесніка старшыні. Звярнуцца з адпаведнай інфармацыяй можна было па форме праз спецыяльна створаную электронную пошту.

Ананімныя звароты не разглядаліся, ананімізацыя ўсіх тых, хто звярнуўся, гарантавалася. Інфармацыя збіралася да 1 кастрычніка.

Гарэцкі ў пачатку разбіралніцтва напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку“: “Заўсёды казаў, што я не маральны ідэал”.

“У маім жыцці былі і непрыемныя плямы. У ранейшыя гады я мог дапусціць некарэктную камунікацыю. На жаль, некаторыя мае выказванні могуць трактавацца як харасмент. Я вельмі шкадую пра гэта”, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што ніколі не рабіў і ніколі не зробіць “хоць бы намёк на нейкую падзяку” за сваю дапамогу. Таксама для яго непрымальна “ўступаць у нейкія адносіны, дасылаць дзікпікі (фота палавога члена. — “Позірк”.) і падобнае”.

Гэта ўжо не першы сэкс-скандал у беларускай дэмакратычнай супольнасці.

21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дзікпікі”.

У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дзікпікі. Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю, ім вядома як мінімум пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

У той жа дзень Стрыжак заявіў, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару“, і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яны “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць“. Паводле сцвярджэння кіраўніка BySol, яго дзеянні “не мелі на ўвазе прымусу, злоўжыванні службовым становішчам, прагі нажывы або чаго-небудзь падобнага”.

З асуджэннем такіх паводзін 22 ліпеня выступілі Аб’яднаны пераходны кабінет і камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады, якая запатрабавала правесці праверку.

23 ліпеня BySol паведаміў аб адхіленні Стрыжака ад “кіруючай пасады“ і “выканання прадстаўніцкіх функцый”, а таксама аб пачатку разбіральніцтва.

24 верасня 2025 года BySol паведаміў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва са Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харассмента“. Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго“празмерным і непрапарцыйнык аб “асабістых абавязацельствах, накіраваных на выпраўленне нанесенай шкоды“.

У выніку было прынята рашэнне, што Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце“, у прыватнасці, ён не будзе выконваць кіруючых функцый.

Аднак 29 верасня, неўзабаве пасля таго, як шэраг арганізацый абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з фондам, Стрыжак паведаміў, што пакідае арганізацыю.

Падзяліцца: