Мінск 21:31

Пошукі зніклай у М’янме беларускі працягваюцца, амбасадар абвінаваціў “асобных людзей” у дэзінфармацыі

Фота: Mash

16 кастрычніка, Позірк. Просьба беларускай грамадзянкі дапамагчы з пошукам у М’янме і Тайландзе яе дачкі з 9 кастрычніка “знаходзіцца на асаблівым кантролі” амбасады Беларусі ў В’етнаме, заявіў 16 кастрычніка Уладзімір Баравікоў — кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва, якое адказвае за прадстаўленне інтарэсаў Мінска ва ўсіх згаданых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Паводле слоў дыпламата, відэакаментарый якога распаўсюдзіла прэс-служба Міністэрства замежных спраў, амбасада “неадкладна і ў вызначаным парадку” накіравала запыты ў знешнепалітычныя і сілавыя ведамствы пералічаных краін.

“Наладжаныя прамыя кантакты, да вырашэння пастаўленай задачы падключаныя офісы ганаровых консульстваў Беларусі ў Бангкоку і Янгоне”, — паведаміў Баравікоў.

Амбасадар нагадаў, што зніклая беларуска “выляцела з Бангкока ў Янгон у М’янме 20 верасня”. Дадатковай “дакладнай інфармацыі пра яе месцазнаходжанне і прававы статус” не паступала, прызнаў ён, адзначыўшы, што “вышуковыя мерапрыемствы ў М’янме працягваюцца”.

“Даводзіцца толькі шкадаваць пра амаральныя і безадказныя паводзіны асобных людзей праз распаўсюд ва ўгоду імгненнага хайпу непраўдзівай і неправеранай інфармацыі, якая яшчэ больш узмацняе пакуты сваякоў і блізкіх зніклых”, — заявіў Баравікоў.

Дыпламат пацвердзіў, што ў М’янме дзейнічаюць ашуканскія цэнтры, засяроджаныя пераважна на мяжы з Тайландам. Аднак, паводле яго слоў, амбасада не мае звестак “пра ўдзел у супрацьпраўнай дзейнасці”, а таксама “пра лік грамадзян” Беларусі, якія працуюць у такіх цэнтрах.

Баравікоў паведаміў, што “адзінкавыя выпадкі” ўдзелу ў дзейнасці скам-цэнтраў беларусаў “фіксуюцца”. Так, у выніку “шчыльнага ўзаемадзеяння беларускага боку з уладамі М’янмы і Тайланда” ў сакавіку 2024 года “шчасна вярнулася на радзіму грамадзянка Беларусі, якая незаконна ўтрымлівалася ў такім цэнтры”.

“Амбасада і МЗС Беларусі неаднаразова звярталі ўвагу на гэты факт, заклікалі грамадзян пільна і скрупулёзна вывучаць прапановы пра працу, якія паступаюць з гэтага рэгіёну, і не гнацца за доўгім рублём”, — сказаў амбасадар.

15 кастрычніка расійскі тэлеграм-канал Mash паведаміў, што беларуска паехала працаваць у Тайланд, дзе была ўцягнутая ў ашуканскую схему. Яна павінна была падманным шляхам выманьваць грошы ў кліентаў, аднак, як сцвярджаецца, “не прынесла дастаткова грошай уладальнікам як мадэль”.

Сцвярджалася, што дзяўчыну “прадалі на органы і спалілі цела”. За яе цела “запатрабавалі ў родных 500 тыс. долараў, а праз некалькі дзён сказалі, што загінулую крэміравалі”.

МЗС Беларусі знікненне беларускі пацвердзіў.

Падзяліцца: