Мінск 02:50

Асуджанай па “справе студэнтаў” экс-палітзняволенай Анастасіі Булыбенка за суткі сабралі 12 тыс. еўра

Фота: тэлеграм-канал "Розовые косынки"

15 кастрычніка, Позірк. 12 тыс. еўра сабралі за суткі неабыякавыя беларусы былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка, паведамляе тэлеграм-канал “Розовые косынки”.

“Мы глыбока кранутыя вашай спагадлівасцю і тым, што для вас, як і для нас, самае важнае — здароўе і жыццё чалавека. Калі Ася звярнулася па дапамогу, мы не змаглі прайсці міма. Мы не з’яўляемся дзеючым фондам, але дзякуючы велізарнай уцягнутасці беларусаў, валанцёраў, журналістаў, дыяспары Кіпра і проста неабыякавых людзей, Асі ўдалося закрыць доўг па страхоўцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Беларуская салідарнасць жывая”, — адзначае тэлеграм-канал.

Па дапамогу 24-гадовая Булыбенка звярнулася суткамі раней. Былая палітзняволеная, якая знаходзіцца ў Літве, паскардзілася на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР), прызналася, што раней “перажыла спробу самагубства, трапіла ў бальніцу, пачала лячэнне — псіхіятра, псіхолага, медыкаменты”.

“Паўгода таму я пераехала ў Польшчу і вырашыла, што змагу справіцца сама. Я спыніла тэрапію і лячэнне, што, на жаль, прывяло да пагаршэння стану. Цяпер я знаходжуся ў псіхіятрычнай бальніцы ў Літве з дыягназамі дэпрэсія, анарэксія і ПТСР. З-за даўгоў па страхоўцы я не магу атрымліваць лячэнне бясплатна, а аплаціць яго самой — проста няма чым”, — паведаміла экс-палітзняволеная.

Да падзей 2020 года Булыбенка была студэнткай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). За ўдзел у акцыях пратэсту разам з іншымі фігурантамі рэзананснай “справы студэнтаў” (усяго 12 чалавек) яна была асуджаная паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў яе да 2,5 года пазбаўлення волі.

Пасля вызвалення Анастасія Булыбенка пакінула Беларусь.

Падзяліцца: