Мінск 21:10

МУС справаздачылася аб раскрыцці жорсткага забойства сямейнай пары ў 1999 годзе

12 кастрычніка, Позірк. Пра раскрыццё жорсткага забойства сямейнай пары ў Віцебску 26 гадоў таму паведамляе ў сваёй ведамаснай газеце “На страже” Міністэрства ўнутраных спраў.

“У 1999 годзе ў кватэру мужчыны, які зарабляў незаконнымі валютнымі аперацыямі, зайшлі двое прыяцеляў (аднаму было 19 гадоў, другому — 21), каб узамен на долары атрымаць рублі. Камерсант жыў з жонкай і яе непаўналетнім сынам, які тым снежаньскім днём, на шчасце, знаходзіўся ў школе”, — гаворыцца ў публікацыі.

37-гадовы мужчына “не западозрыў нічога дрэннага, бо аднаго з візіцёраў ведаў як сталага кліента”. “І таварышы спачатку сапраўды, атрымаўшы жаданае, сышлі. Аднак неўзабаве зноў пазванілі ў дзверы з пагрозамі і патрабаваннямі аддаць частку маёмасці і заробак. Мужчына рэзка адказаў на прэтэнзіі і аказаў супраціў. Нажаль, сілы апынуліся няроўныя. Змоўшчыкі пачалі збіваць ахвяру і наносіць удары нажом”, — адзначае выданне.

Пазней судова-медыцынская экспертыза паказала, што смерць гаспадара кватэры наступіла з-за вострай кровастраты ад 27 колата-рэзаных раненняў.

“Забойства адбылося на вачах жонкі пацярпелага. Калі яе муж перастаў падаваць прыкметы жыцця, злачынцы пераключыліся на спалоханую жанчыну. Тая прасіла літасці дзеля сына і перадала частку валюты. Аднак душагубы накінуліся на віцяблянку, прычыніўшы ёй больш за 100 нажавых удараў”, — паведамляецца ў артыкуле.

Звяртаецца ўвага, што ў “момант расправы” ў дзверы кватэры пазваніў “новы кліент”. “Яго нападнікі бачылі на маніторы ў пакоі, бо на лесвічнай клетцы была ўсталяваная відэакамера. Завяршыўшы сваю крывавую задуму і дачакаўшыся сыходу незнаёмца, фігуранты спешна пакінулі жыллё, забраўшы з сабой выкрадзенае і касету з запісам, баючыся, што на ёй захаваныя іх злачынствы”, — удакладняе медыя.

Саўдзельнікі хутка пазбавіліся ад доказаў: “выкінулі нажы і знішчылі плёнку, а здабычу падзялілі”. “Пазней з залатога ланцужка, знятага з шыі забітай жанчыны, вырабілі два аднолькавыя пярсцёнкі. За астатнія сродкі купілі музычны цэнтр і два аўто — “Масквіч” і BMW. Аднак неўзабаве ўдача ад іх адвярнулася: падчас сумеснай паездкі на іншамарцы яны трапілі ў ДТЗ. Пашкоджаную машыну давялося прадаць па частках”, — паведамляецца ў матэрыяле.

Адзначаецца, што целы мужа і жонкі ў кватэры выявіў “чарговы пакупнік валюты, якога насцярожылі адчыненыя дзверы”. Ён звярнуўся ў міліцыю, якая прыступіла да пошуку падазраваных і сведак, аднак “устанавіць забойцаў па гарачых слядах не ўдалося”.

Пры гэтым, як заяўляецца, у 2004 годзе адзін з іх “здзейсніў чарговае страшнае злачынства — нажом пазбавіў жыцця жонку”, за што “правёў у калоніі ўзмоцненага рэжыму восем гадоў”. “Паралельна затрыманага правяралі на дачыненне да падвойнага забойства. У 2013 годзе яго генетычныя дадзеныя супалі са знойдзеным у 1999-м непадалёк ад месца злачынства рэчдокам. Фігурант пацвердзіў, што быў знаёмы з валютчыкам і мяняў у яго наяўныя. Але катэгарычна адмаўляў дачыненне да таго, што здарылася, а дастатковых доказаў для прад’яўлення яму абвінавачвання на той момант не было”, — гаворыцца ў публікацыі.

Падкрэсліваецца, што ў 2023 годзе пачаўся новы этап расследавання. У прыватнасці, супрацоўнікі МУС ва ўзаемадзеянні з судмедэкспертамі правялі “шэраг мерапрыемстваў, якія пацвердзілі дачыненне фігурантаў да здарэння чвэрць стагоддзя таму”. У канцы 2024-га падазраваных затрымалі, яны прызналіся ў здзяйсненні забойства.

Мужчыны пражывалі ў Віцебску, цяпер ім 45 і 47 гадоў. Абвінавачванні выстаўленыя паводле ч. 3 арт. 89 Крымінальнага кодэкса (у рэдакцыі 1960 года) і пунктаў 1, 6, 12 ч. 2 арт. 139 КК (забойства). Фігуранты змешчаныя пад варту.

Сілавыя ведамствы Беларусі рэгулярна справаздачыцца аб раскрыцці злачынстваў шматгадовай даўнасці. Як правіла, гэта звязана з новымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобы падазраваных з дапамогай экспертызы біяматэрыялаў.

Падзяліцца: