Мінск 01:20

Украіна не фіксуе актыўнасці ля сваіх межаў у сувязі з новай фазай праверкі боегатоўнасці арміі Беларусі

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка
Архіўнае відэа: медыяцэнтр "Украіна" / cтоп-кадр: "Позірк"

11 кастрычніка, Позірк. Украіна не фіксуе якой-небудзь вайсковай актыўнасці ля сваіх межаў на фоне новай фазы праверкі баявой гатоўнасці арміі Беларусі, вынікае з заявы спікера ўкраінскай Дзяржаўнай памежнай службы (ДПСУ) Андрэя Дземчанкі 11 кастрычніка ў эфіры тэлемарафона.

Прадстаўнік памежнага ведамства адзначыў, што гэта не першая такая праверка на беларускай тэрыторыі: “Я б нават сказаў, што гэта не спыняецца”.

“Беларусь пастаянна будзе працягваць нагнятаць [сітуацыю] праверкамі боегатоўнасці ўсёй арміі або нейкіх асобных складнікаў, — мяркуе ён. — Будуць і сумесныя вучэнні — нядаўна скончыліся [манеўры “Захад-2025″] — з Расіяй. Таму трэба цвяроза ацэньваць тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі і, уласна, рыхтавацца да развіцця хоць бы якіх дзеянняў. Узгадаем 2022 год — Беларусь адкрыла сваю мяжу для расійскіх войскаў, якія ўварваліся на тэрыторыю Украіны”.

Паводле слоў Дземчанкі, “цяпер ніякіх дзеянняў у бок” Украіны ў плане перамяшчэння да мяжы тэхнікі альбо асабовага складу Беларусь не робіць. Разам з тым ён канстатаваў, што беларускі напрамак, “як і раней, застаецца пагрозлівым”.

“Яшчэ з 2022 года Беларусь трымае пэўныя свае падраздзяленні па напрамку тэрыторыі Украіны, кажучы, што яны ўмацоўваюць гэты ўчастак, таму што самі чакаюць ад Украіны нейкай пагрозы, — сказаў прадстаўнік ДПСУ. — Іншых дзеянняў Беларусь па напрамку нашай мяжы, на шчасце, не робіць. Але я яшчэ раз паўтару, што гэты кірунак для нас прадстаўляе пагрозу і мы будзем рабіць усё, каб умацаваць нашу мяжу і прыгранічча, каб мець магчымасць прадухіліць хоць бы якія пагрозы, калі яны будуць зыходзіць з тэрыторыі Беларусі”.

Раніцай 11 кастрычніка Міністэрства абароны абвясціла, што ў Беларусі “з мэтай праверкі” праводзіцца “комплекс мерапрыемстваў” па прывядзенні Узброеных сіл у “найвышэйшыя ступені” боегатоўнасці. Паводле інфармацыі ведамства, гэта робіцца на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі і ў рамках праверкі баявой гатоўнасці.

“Шэраг падраздзяленняў ажыццявяць комплекс мерапрыемстваў па пераводзе ў баявую гатоўнасць, вырушаць ў прызначаныя раёны і выканаюць мерапрыемствы, вызначаныя ў распараджэнні. Праверка праводзіцца пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь”, — гаварылася ў паведамленні.

Пазней ваеннае ведамства апублікавала кадры з вайсковай тэхнікай, якая рушыць у “прызначаныя раёны”, без пазначэння напрамку.

Міністр абароны Віктар Хрэнін і дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч новую фазу праверкі боегатоўнасці пакуль не каментавалі.

Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: