Мінск 18:15

70 удзельнікаў “дроп-сэрвісу” затрымана ў Беларусі за незаконны абарот плацежных сродкаў — СК

Фота: pixabay.com

10 кастрычніка, Позірк. Аб спыненні “злачыннай дзейнасці групы асоб, якія ажыццяўлялі доўгі час на сістэматычнай аснове ў выглядзе так званага “дроп-сэрвісу” незаконны абарот плацежных сродкаў і іншых супрацьпраўных фінансавых інструментаў”, паведаміў 10 кастрычніка Следчы камітэт.

Кіраўніком групы ведамства назвала 25-гадовага мінчука, які стварыў у сталіцы і абласных цэнтрах разгалінаваную сетку з больш чым 25 удзельнікаў, якія “забяспечвалі прадастаўленне паслуг па незаконным абароце сродкаў плацяжу”, а таксама “больш за 50 “дроповодаў”, якія непасрэдна ажыццяўлялі супрацьпраўнае афармленне на падстаўных асоб плацежных інструментаў, абаненцкіх нумароў сотавай сувязі і фэйкавых акаўнтаў на розных рэсурсах і інтэрнэт-пляцоўках”.

“Удзельнікі створанага ў злачынных мэтах сэрвісу з 2020 года займаліся распаўсюджваннем аўтэнтыфікацыйных звестак, якія знаходзіліся ў незаконным валоданні, з дапамогай якіх было магчыма атрыманне доступу да разліковых і гульнявых рахункаў, віртуальных кашалькоў, а таксама супрацьпраўным стварэннем і перапродажам уліковых запісаў у месенджарах, у бэтынгавых кампаніях і на розных інтэрнэт-рэсурсах”, — гаворыцца ў паведамленні.

Удакладняецца, што такія фінансавыя інструменты выкарыстоўваліся ўдзельнікамі групы “для здзяйснення рознага роду злачыннай дзейнасці, у тым ліку крадзяжоў грашовых сродкаў у беларускіх і замежных грамадзян шляхам махлярства і мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі, а таксама вываду і легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам”.

Паводле звестак ведамства, для названых мэт “арганізатарамі злачыннай дзейнасці было прыцягнута больш за 1.700 падстаўных асоб, т.зв. “дропаў”, з ліку грамадзян, якія пражываюць як у Рэспубліцы Беларусь, так і за межамі краіны, на імя якіх афармляліся банкаўскія плацежныя карткі, гульнявыя рахункі, віртуальныя кашалькі і сім-карты”.

“Следствам устаноўлена, што за пяць гадоў злачыннай дзейнасці зламыснікі незаконна збылі больш за 4.000 рэквізітаў плацежных карт банкаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Грузіі і іншых краін, а таксама гульнявых рахункаў розных букмекерскіх кантор і віртуальных ігральных устаноў”, — заяўляе СК.

Пры гэтым “арганізатарам удалося схіліць да саўдзелу ў злачыннай дзейнасці работніка банкаўскай установы, які аказваў садзейнічанне ў незаконным абароце рэквізітаў сродкаў плацяжу”. Супрацьпраўныя дзеянні ў гэтым выпадку “былі выяўленыя і спыненыя сумесна са службай бяспекі банка”.

“Падчас маштабнай аперацыі, праведзенай следчымі і аператыўнымі работнікамі [МУС] адначасова на тэрыторыі горада Мінска і абласных цэнтраў, у органы следства дастаўлена больш за 70 асоб, у тым ліку затрыманыя арганізатар і кіраўнікі злачыннай дзейнасці, праведзена больш за 100 ператрусаў, па выніках якіх канфіскаваныя грашовыя сродкі, крыптавалюта і іншая маёмасць, набытая злачынным шляхам”, — паведамілі ў СК.

Адзначаецца, што дзеянні затрыманых кваліфікаваныя следчымі паводле арт. 222 (незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў) Крымінальнага кодэкса. З санкцыі Генеральнай пракуратуры арганізатар і кіраўнікі групы заключаныя пад варту, працягваецца папярэдняе следства.

Санкцыі згаданага артыкула КК залежаць ад памеру атрыманага ў выніку злачыннай дзейнасці даходу. Калі ён будзе кваліфікаваны як “асабліва буйны” (у тысячу і больш разоў перавышае памер базавай велічыні на момант здзяйснення злачынства), падазраваным у адпаведнасці з ч. 4 арт. 222 пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам або без штрафу.

Дроп-сэрвіс — гэта прадастаўленне банкаўскіх карт і рахункаў, а таксама паслуг па пераводзе, атрыманні наяўных і адмыванні скрадзеных грошай у рамках махлярскіх схем. Дроп — фізічная асоба, якая прадастаўляе махлярам сваю банкаўскую карту або банкаўскі рахунак для адмывання выкрадзеных грошай альбо абналічвае іх самастойна.

Падзяліцца: