Мінск 17:59

Чыгуначныя пастаўкі беларускага бензіну ў РФ выраслі за месяц у чатыры разы — Reuters

8 кастрычніка, Позірк. У чатыры разы вырас аб’ём чыгуначных паставак беларускага бензіну ў Расію ў верасні ў параўнанні са жніўнем, паведамляе агенцтва Reuters.

Гэта звязана з недахопам гэтага віду паліва ў РФ з-за “ўкраінскіх атак на яе энергетычную інфраструктуру”, гаворыцца публікацыі.

“У апошнія тыдні некалькі расійскіх рэгіёнаў увялі нармаванне і часова замарозілі цэны на паліва на фоне дэфіцыту папулярных марак бензіну, выкліканага ўдарамі беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы і іншыя энергетычныя аб’екты. Масква таксама абмежавала экспарт бензіну і дызельнага паліва”, — адзначае агенцтва.

Удакладняецца, што пастаўкі ў Расію беларускага бензіну па чыгунцы ў мінулым месяцы выраслі да 49 тыс. тон, экспарт дызпаліва ў верасні склаў 33 тыс. т.

У той жа час, як заяўляецца, транзіт бензіну з Беларусі для далейшага экспарту праз расійскія парты ў мінулым месяцы вырас на 1% — да 140 тыс. т. Пры гэтым перавалка нафтапрадуктаў за студзень — верасень скарацілася амаль на 40% у гадавым вылічэнні — да 1,17 млн т, “праз зніжэнне аб’ёмаў перапрацоўкі” на беларускіх прадпрыемствах.

Аб планах нарасціць у кастрычніку пастаўкі беларускага бензіну ў Расію да 300 тыс. тон у месяц паведаміў раней віцэ-прэм’ер РФ Аляксандр Новак прэм’ер-міністру Расіі Міхаілу Мішусціну.

Адзначалася, што аб’ём паставак беларускага паліва ў Расію ў верасні ацэньваўся ў 45 тыс. тон. Расійскі віцэ-прэм’ер прапанаваў павялічыць яго імпарт за кошт бесперабойнай працы сістэмы “Транснафта” і запуску давальніцкай перапрацоўкі нафты.

Раней паведамлялася, што на фоне “высокага попыту і пазапланавых прыпыненняў нафтаперапрацоўчых заводаў” у ліпені пасля працяглага перапынку, які пачаўся ўвосень 2024 года, аднавіліся продажы бензіну з Беларусі праз Пецярбургскую біржу.

За ліпень — верасень 2025 года на таргах рэалізавана 96,9 тыс. тон беларускіх нафтапрадуктаў — на 36% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га. У верасні продажы бензіну з беларускіх НПЗ выраслі на 168% месяц да месяца, а дызеля — на 83%.

Пры гэтым, як заяўлялася, пастаўкі паліва з Беларусі “носяць непастаянны характар, і гэтым разам іх аднаўленне супала з пачаткам росту напружання на ўнутраным рынку паліва ў Расіі”.

За 2023 год Беларусь паставіла ў Расію 45 тыс. тон бензіну і 270 тыс. тон дызпаліва.

Падзяліцца: