Мінск 22:08

Спікер КР Брухан: Лукашэнка павінен зразумець — калі ён хоча зняцця санкцый, то павінен сесці за стол перамоў з дэмсіламі

Фота: тэлеграм-канал фракцыі КР "Каманда Латушкі і Рух "За свабоду"

7 кастрычніка, Позірк. “Міжнародная супольнасць павінна здзяйсняць накіраваны палітычны, эканамічны і дыпламатычны ціск”, каб прымусіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі “сесці за круглы стол і пачаць рэальны, інклюзіўны дыялог”, заявіў спікер Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан у Парыжы падчас трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь”.

У сваім выступе палітык звярнуў увагу на “надзвычай цяжкую ўнутрыпалітычную сітуацыю” ў Беларусі, дзе “ў турмах рэжыму знаходзіцца толькі паводле афіцыйных звестак больш за 1.300 палітычных зняволеных”.

“Беларусі патрэбны дыялог і прымірэнне, павага да чалавечай годнасці, а не страх, — сказаў Брухан. — Менавіта таму я звяртаюся да вас з заклікам падтрымаць ідэю нацыянальнага дыялогу, вынікам якога можа стаць круглы стол. Менавіта нацыянальны дыялог можа стаць перадумовай рэальнага працэсу, які прывядзе да дэмакратызацыі Беларусі”.

“Мы прапануем захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі — тое, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. І толькі Лукашэнка не хоча гэтага. Лукашэнка павінен зразумець: калі ён хоча зняцця санкцый Еўрапейскага саюза, няма іншага выбару, акрамя таго, каб сесці за стол перамоў з дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадствам. Гэта адзіны спосаб зняцця санкцый, і іншых няма”, — дадаў спікер КР.

Паводле яго пераканання, беларускае грамадства і ўладныя эліты гатовы да перамен.

9 жніўня з ініцыятывай правесці нацыянальны дыялог для мірнага вырашэння глыбокага палітычнага і грамадскага крызісу ў Беларусі афіцыйна выступіў Аб’яднаны пераходны кабінет.

У заяве адзначалася, што ў 2021 годзе такую прапанову падтрымала больш за 700 тыс. чалавек, якія прагаласавалі на платформе “Голас”. Кабінет заклікае арганізаваць круглы стол з удзелам усіх палітычных і грамадскіх сіл.

Пра намер АПК ініцыяваць нацыянальны дыялог заявіў за дзень да гэтага намеснік кіраўніцы кабінета Павел Латушка.

Пазіцыя АПК была выпрацавана 7 жніўня ў развіццё прапановы Ціханоўскай 15 ліпеня ў Бруселі на 107-м семінары Роўз-Рот, арганізаваным Парламенцкай асамблеяй НАТА ў партнёрстве з Еўрапарламентам.

22 жніўня Лукашэнка заявіў дзяржСМІ, што не бачыць сэнсу ў перамовах з апанентамі. Ён сцвярджае, што палітыкі, якія знаходзяцца за мяжой, хочуць сесці за стол перамоў з ім: “Ідэальна, як яны разважаюць, было б з Лукашэнкам. Я з кім павінен садзіцца за стол? З тымі, хто разваліў краіну? Добра, я гэта мог бы пераступіць. Ну а якая карысць ад іх? Яны што, нам нешта дапамогуць — народу, дзяржаве? Яны нам не памагатыя. А па бруду хадзіць можна брудам замазацца. Нашто гэта мне? Гэта мне не патрэбна”.

Падзяліцца: