Латушка: Выбар герояў для нацыянальнага пантэона — спроба яшчэ больш прывязаць Беларусь да Расіі, выкарыстоўваючы гістарычны фактар
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 кастрычніка 2025 года ў 22:00

6 кастрычніка, Позірк. Выбар герояў для нацыянальнага пантэона — гэта вынік палітыкі Лукашэнкі, выбар ім прарасійскага вектара развіцця дзяржавы, гэта спроба яшчэ больш прывязаць Беларусь да Расеі, выкарыстоўваючы гістарычны фактар. Такое меркаванне выказаў “Позірку” міністр культуры ў 2009-2012 гадах, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
“Гэта з аднаго боку. А з іншага боку, Расія бачыць цэнтрабежныя тэндэнцыі ў розных міждзяржаўных утварэннях, створаных пасля распаду Савецкага Саюза, і выкарыстанне не толькі фінансава-эканамічных, ваенных і іншых інструментаў, але таксама гістарычных, —адзін з элементаў яе стратэгіі максімальнай прывязкі Беларусі да сябе“, — лічыць палітык.
Пра неабходнасць стварыць пантэон нацыянальных герояў заявіў Лукашэнка 17 верасня на сустрэчы з ідэалагічным актывам, прысвечанай афіцыйнаму Дню народнага адзінства. “Трэба разумець, хто герой, хто вораг, хто зрабіў унёсак у сусветную культуру, навуку, гісторыю, захаваўшы сувязь з радзімай, хто зрабіў тое ж самае, але адрокся ад сваёй ідэнтычнасці. Нікога не выкрэсліваем са сваёй гісторыі. Але акцэнты павінны быць зробленыя выразна і пажадана без паўмер”, — сфармуляваў Лукашэнка крытэр адбору.
У канцы верасня ўлады апублікавалі склад афіцыйнага пантэона нацыянальных герояў — 55 чалавек. Няма ніводнай фігуры, звязанай з Вялікім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім (ВКЛ) як дзяржавай і з Беларускай Народнай Рэспублікай. Адсутнічаюць правадыр паўстання 1863-64 гадоў Кастусь Каліноўскі, пісьменнікі Уладзімір Караткевіч і Васіль Быкаў. Адначасова нададзена вялікае месца праваслаўным і савецкім дзеячам.
Паводле слоў Паўла Латушкі, ідэя стварэння пантэона нацыянальных герояў не новая. “У 2011 годзе я прапанаваў у адной з галоўных залаў будучай абноўленай экспазіцыі ў гістарычным будынку па вул. Фрунзе, 19 у Мінску (пабудаваны ў 1840 годзе для размяшчэння ваеннага шпіталя. — “Позірк”.), які раней належаў камандаванню Беларускай ваеннай акругі і быў перададзены для рэканструкцыі пад Нацыянальны гістарычны музей, размясціць галерэю бюстаў, скульптур розных памераў і формаў, прысвечаных выбітным дзеячам беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры. Падобны падыход быў рэалізаваны ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Празе, дзе ў адной з цэнтральных залаў знаходзіцца галерэя твораў манументальнага мастацтва, прысвечаных выбітным гістарычным дзеячам Чэхіі“, — адзначыў Латушка.
Тагачасны міністр падрыхтаваў дакладную запіску на імя Лукашэнкі, якая была перададзена праз кіраўніка яго адміністрацыі Уладзіміра Макея. “У адказ я атрымаў рашэнне адмовіцца ад рэалізацыі гэтай ідэі ў сувязі з яе вялікай затратнасцю. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы паўторна ўнесці гэтае пытанне і прыняць станоўчае рашэнне, якое зафіксавала б для сучаснікаў паўнату гістарычнай спадчыны краіны, важнасць аддаць даніну павагі ўсім выбітным беларусам і прадстаўнікам іншых народаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, адміністрацыя Лукашэнкі блакавала ініцыятыву“, — сказаў суразмоўца.
Міністэрства культуры “падрыхтавала адпаведны спіс беларускіх гістарычных і культурных дзеячаў для ўвекавечання ў экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея”.
Паводле інфармацыі Латушкі, “натхняльнікам накіравання адмоўных адказаў” з’яўлялася першы намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі Ірына Дрыга (цяпер начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры).
“Пасля, на жаль, і сам будынак па вул. Фрунзе, 19 рашэннем Лукашэнкі было перададзена ў распараджэнне Следчага камітэта — сёння аднаго з карных органаў рэжыму Лукашэнкі. Неаднаразова я рабіў спробы змяніць гэтае рашэнне. На аб’ект выязджаў тагачасны дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў. Падчас нарады ў Лукашэнкі я звяртаўся да яго з хадайніцтвам не перадаваць гэты гістарычны аб’ект у распараджэнне Следчага камітэта. Аднак аргумент Лукашэнкі быў наступны: ваш музей не зарабляе грошай. На маё пытанне: “А што, Следчы камітэт зарабляе для бюджэту краіны?” — адказу не было”, — адзначыў Латушка.
Паводле яго слоў, была спроба рэалізаваць падобны падыход пры рэканструкцыі помніка са Спісу культурнай спадчыны ЮНЕСКО — Нясвіжскага палаца, былой рэзідэнцыі Радзівілаў. “У прылеглым да палаца парку было прапанавана размясціць бюсты і статуі, прысвечаныя ўсім выбітным прадстаўнікам роду Радзівілаў, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Аднак і гэтая ідэя была заблакаваная адміністрацыяй Лукашэнкі”, — заявіў былы міністр культуры.
Гл. таксама матэрыял палітычнага аналітыка і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага:
“Пантеон, который понравится Кремлю. Без Калиновского и Быкова. Каких героев прошлого выбирает Лукашенко” (на рускай мове)
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- З РФ у Беларусь трапіла буйная партыя наўтбукаў, частак дронаў, зброі і тэхнікі — мытня разбіраецца ў законнасці ўвозуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка