Мінск 11:52

Колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве ад пачатку года скарацілася больш як на 10%

Иллюстративное фото: "Позірк"

18 верасня, Позірк. Дзейны дазвол на пражыванне ў Літве на 1 верасня мла 51.520 грамадзян Беларусі, сведчаць статыстычныя даныя Дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

На 1 студзеня 2025 года ўладальнікамі тых ці іншых дакументаў, якія легалізуюць пражыванне ў краіне, было 57.511 беларускіх грамадзян (на 1 жніўня — 51.962, 1 ліпеня — 52.287, 1 чэрвеня — 52.662 чалавекі). Такім чынам, іх колькасць ад пачатку года скарацілася на 10,42%.

Часовы дазвол на жыхарства на пачатак восені мела 47.386 беларусаў (-446 чалавек за жнівень), сталы — 3.918 (+4), часовую картку рэзідэнцтва ЕС — 141, сталую — 75 (абодва паказчыкі не змяніліся).

Сярод уладальнікаў часовага ДНЖ на падставе працы яго атрымала 36.275 (высокакваліфікаваныя спецыялісты — 3.148; месяцам раней было 36.616 і 3.199 адпаведна), уз’яднання з сям’ёй — 5.050 (5.104), на гуманітарных падставах — 1.093 (1.078), для навучання — 926 (933). Такім чынам, за месяц вырасла толькі колькасць тых, хто атрымаў часовы ДНЖ на гуманітарных падставах, паводле астатніх катэгорый назіраецца зніжэнне.

Самая шматлікая нацыянальная група ўладальнікаў дазволаў на пражыванне ў Літве — украінцы. На 1 верасня колькасць грамадзян гэтай краіны з дзейным дакументам складала 75.928 (на 1 жніўня — 75.941, 1 ліпеня — 75.085, 1 студзеня — 77.080).

Са жніўня 2024 года літоўскія працадаўцы, якія хочуць працаўладкаваць замежнікаў, абавязаныя заплаціць дзяржаўную пошліну за хадайніцтвы на выдачу або абмен часовага дазволу на жыхарства такіх супрацоўнікаў, а таксама выдачу ім нацыянальнай візы.

17 красавіка Сейм Літвы працягнуў яшчэ на год — да 2 траўня 2026-га — законапраект аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансерватараў ураўнаваць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзеныя для расіян.

Прапанова ануляваць ім дазвол на жыхарства ў выпадку частых паездак у свае родныя краіны першапачаткова была адхіленая, але прынятая ў траўні і толькі ў дачыненні да грамадзян РФ.

Разам з тым у ліпені стала вядома, што літоўскія ўлады адмовілі грамадзянцы Беларусі ў падаўжэнні ДНЖ праз частыя паездкі на радзіму і ранейшую працу сцюардэсай у авіякампаніі “Белавія”. Жанчыну прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы.

Беларуска, прозвішча якой не называлася, пераехала ў Літву ў 2022 годзе неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За прамінулы час яна здзейсніла 20 паездак у Беларусь.

Падзяліцца: