Мінск 09:08

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 17 чалавек, у тым ліку журналіста Кірыла Пазняка

17 верасня, Позірк. 17 чалавек, змешчаных пад варту і асуджаных на пазбаўленне волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фарміраваннямі“, прызнаныя палітычнымі зняволенымі, вынікае з заявы праваабаронцаў ад 17 верасня.

Адпаведны статус атрымалі Аліна Шаўцова, Ілля Ходас, Віталь Цынкель, Віктар Турчэнік, Людміла Шрубок, Алена Жукава, Вольга Пракопчык, Наталля Краўчук, Лілія Юруць, Ірына Дабрыновіч, Леанід Шпец, Іван Замяцін, Аляксандр Варабей, Кірыл Пазняк (журналіст), Раман Сарока, Аляксей Друпаў і Надзея Ляшук.

Праваабаронцы адзначаюць, што КДБ і МУС “у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў“.

У заяве змяшчаецца патрабаванне аб неадкладным вызваленні згаданых і ўсіх палітычных зняволеных і спыненні палітычных рэпрэсій. Яго падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна“, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і Lawtrend.

Зараз беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнаюць палітвязнямі 1.181 чалавека. З пачатку прэзідэнцкай кампаніі-2020 такі статус атрымалі 4.116 чалавек.

Падзяліцца: