Мінск 22:30

Польская мытня канфіскавала больш за 23 тыс. пачкаў беларускіх цыгарэт у кітайскім грузе

17 верасня, Позірк. Больш за 23.200 пачкаў беларускіх нелегальных цыгарэт на суму больш за 400 тыс. злотых (каля 94 тыс. еўра) канфіскавалі супрацоўнікі Люблінскай мытна-падатковай службы ў Малашэвічах, паведамляе прэс-служба Мытнага і падатковага ўпраўлення Любліна.

Кантрабанда была знойдзена з выкарыстаннем рэнтгенаўскага абсталявання для сканіравання грузавога цягніка ў адным з кантэйнераў, якія накіроўваліся з Кітая ў Бельгію.

Супрацоўнікі Малашэвіцкага мытнага аддзялення ўстанавілі, што кантэйнер быў перавалены ў Беларусі і выказалі меркаванне, што туды дадалі дадатковы незаконны груз.

Адзначаецца, што пасля вынясення судом пастановы аб канфіскацыі на карысць Дзяржаўнай казны, нелегальная прадукцыя падлягае абавязковаму знішчэнню.

9 верасня Памежная ахова Польшчы паведаміла аб 16 выпадках кантрабанды цыгарэт з Беларусі. Цыгарэты дастаўляліся ў Падляскае ваяводства з дапамогай метэазондаў, затрымана сем атрымальнікаў грузаў.

Кошт канфіскаваных цыгарэт ацанілі ў 330 тыс. злотых (больш за 91 тыс. долараў).

Падзяліцца: