Баркоўскі: Цяпер любыя кантакты з ЕГУ могуць быць небяспечнымі

15 верасня, Позірк. Заканадаўства ў Беларусі “выкарыстоўваецца выбарачна”, і любыя кантакты з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) пасля заяўленага ўладамі намеру прызнаць ВНУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” могуць быць патэнцыйна небяспечнымі, заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.
Паводле яго слоў, згаданыя планы ўладаў укладваюцца “ў агульную логіку сістэмных рэпрэсій супраць незалежнай адукацыі, асабліва вышэйшай і паслядыпломнай”.
Баркоўскі нагадаў, што ў студзені 2024 года “экстрэмісцкім фарміраваннем” прызналі Свабодны беларускі ўніверсітэт, у ліпені — “Беларускую акадэмію” пры Школе менеджарскіх кадраў у Коніне (Польшча).
“Нюанс справы ЕГУ ў тым, што яму пагражаюць статусам “экстрэмісцкай арганізацыі”, а не “фарміравання”, што, паводле звестак спецслужбаў, не прадугледжвае пераследу асоб, якія раней мелі зносіны з установай. Гэты “клопат” лёгка растлумачыць: нават цяпер у ЕГУ навучаюцца дзеці беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, а за 30 гадоў праз яго прайшлі сотні сваякоў наменклатуры. Нягледзячы на дэклараваную нелюбоў да Еўропы, адукацыю сваім блізкім беларускія чыноўнікі і прапагандысты абіраюць даваць менавіта па-еўрапейску — дэманструючы відавочныя падвойныя стандарты”, — адзначыў Баркоўскі.
Тое, што ўлады “баяцца незалежнай адукацыі і мыслення”, сведчыць “пра страту адукацыйнай самастойнасці краіны”, дадаў ён.
“Сёння Беларусь усё больш залежыць ад расійскай адукацыйнай мадэлі і перастае быць нацыянальнай, тым больш-еўрапейскай [краінай]. Рост выключных кантактаў з універсітэтамі Расіі і Кітая — гэта курс на ізаляцыю і арыентацыю на перыферыйныя каланіяльныя ўзоры”, — адзначыў Баркоўскі.
Пра тое, што генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (працуе ў Вільнюсе) “экстрэмісцкай арганізацыяй”, стала вядома 15 верасня.
Кіраўнік нагляднага органа просіць забараніць як яго дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, так і выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі.
Паводле сцвярджэння Генпракуратуры, ЕГУ, пазіцыянуючы сябе ў якасці “беларускай ВНУ ў выгнанні”, праводзіць “мэтанакіраваную працу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і выкарыстоўваецца спецыяльнымі службамі некаторых сумежных дзяржаў для нанясення шкоды інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах”.
“Злачынныя дзеянні шэрагу выкладчыкаў і выпускнікоў універсітэта пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама аб здзяйсненні іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.
22 жніўня сайт і акаўнты ў сацсетках ЕГУ былі ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
У сувязі з гэтым ЕГУ заклікаў студэнтаў з Беларусі датрымлівацца захадаў бяспекі, а менавіта: “чысціць гісторыю браўзэра пасля кожнага наведвання сайта ehu.lt (любой яго версіі — рускай, беларускай, англійскай або літоўскай); не рабіць перапосты з сайта ehu.lt у сваіх публічных сацыяльных сетках; па магчымасці апавясціць знаёмых, якія могуць наведваць сайт ehu.lt, пра сітуацыю і неабходныя захады бяспекі; скасаваць падпіску на вышэйзгаданыя акаўнты ў сацыяльных сетках instagram, Facebook, Youtube“.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт адкрыўся ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. Праз год ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе, мае статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У ім навучаецца каля 1,5 тыс. студэнтаў, пераважна з Беларусі.
У 2024 годзе на асноўныя праграмы ЕГУ паступілі 302 першакурснікі бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры, 99 студэнтаў па інфарматыцы і 54 студэнты па новай праграме эканомікі. У 2024/2025 навучальным годзе ўніверсітэт прымае студэнтаў больш чым з 20 краін.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаЦіханоўская заявіла еўракамісару па пытаннях абароны аб узмацненні ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаЦіханоўская — спецпрадстаўніку ЕС: Беларускі рэжым ведае ўмовы зняцця санкцый (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь завяршыла 2025 год на апошнім месцы ў ЕАЭС паводле дынамікі прамвытворчасці, у 2024-м была на трэцімМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаЦіханоўская і генсакратар ПА НАТО дамовіліся правесці сумесныя мерапрыемствы па Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаПа выніках 2025 года Беларусь заняла апошняе месца ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


